BE RU EN

Міхаіл Пастухоў: Закон аб СМІ разглядаюць з патрабавання Адміністрацыі прэзідэнта

  • 11.06.2008, 8:49

Кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў выказаў занепакоенасць раптоўным разглядам на цяперашняй сэсіі «палаты прадстаўнікоў» паправак у закон аб СМІ.

Пра разгляд абвясціў учора старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юры Кулакоўскі. Удакладніць змест дакументу ён адмовіўся, нагадвае "Еўрарадыё".

М.Пастухоў паведаміў, што яшчэ тыдзень таму ён атрымаў запэўніванні з Міністэрства інфармацыі, што ніякіх паправак у заканадаўства па СМІ бліжэйшым часам само міністэрства не плануе. У тым ліку, і ў тым, што тычыцца Інтэрнэту.

Юрыст адзначыў, што папраўкі ў закон прымаюцца заканадаўцамі не ў двух, а ў адным чытанні. Але яны павінны быць загадзя ўнесеныя ў парадак дня. У парадку ж дня стаяла толькі другое чытанне праекту Закону "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі".

Разгляд раней адсутнага закону М.Пастухоў тлумачыць ініцыятывай выканаўчай улады.

«Такое можа здарыцца толькі ў выпадку, калі такая каманда прыходзіць з Адміністрацыі прэзідэнта. Тады «парламентары» могуць уключыць і нешта дадаткова ў парадак дня», - сцвярджае юрыст.

На яго думку, прычынай можа быць указ прэзідэнта, датычны Інтэрнэту. Альбо закон на тую ж тэму. Але тады яго трэба будзе абмяркоўваць у двух чытаннях.

Апошнія навіны