BE RU EN

Пасольства Літвы збірае інфармацыю аб затрыманым бізнесмене

  • 11.06.2008, 9:24

Афіцыйныя звесткі аб затрыманні грамадзяніна Літвы, якія ў пасольства павінен накіраваць МЗС Беларусі, пакуль не паступалі. Не каммэнтуе факт затрымання і КДБ.

"Але паводле неафіцыйнай інфармацыі, Гінтас Зегерыс затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары КДБ у Менску", — паведаміла БелаПАН прэс-аташэ літоўскай дыпмісіі Крысціна Паканітэ.

Яна зазначыла, што маці затрыманага накіравала ў літоўскае пасольства ў Менску ліст з просьбай аказаць Зегерысу неабходную консульскую дапамогу. "Мы чакаем паведамлення з беларускага МЗС. З нашага боку ўжо рыхтуецца нота ў МЗС Беларусі з просьбай даць нашаму консульскаму супрацоўніку магчымасць сустрэцца з затрыманым", — сказала К.Паканітэ.

Як мы ўжо паведамлялі, грамадзянін Літвы Гінтас Зегерыс, які займаецца бізнесам у Беларусі, 3 чэрвеня быў арыштаваны па падазрэнні ў пасярэдніцтве пры даванні хабару. Разам з ім арыштавалі яго партнёра па бізнесе Міхаіла Шавельзона, ганаровага віцэ-прэзідэнта Беларускага саюза прадпрымальнікаў.

У Беларускім саюзе прадпрымальнікаў не пацвярджаюць інфармацыю аб затрыманні М.Шавельзона, але кажуць, што ад 3-ага тэлефон вядомага ў Беларусі бізнэсоўца не працуе.

У КДБ гэтую інфармацыю пакуль не каментуюць.

Нагадаем, толькі ў траўні стала вядома пра затрыманне ў Менску кіраўніка Літоўскай асацыяцыі мытных пасярэднікаў Альвадаса Яблонскіса, які знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ ад студзеня 2008 году. Яго абвінавачваюць у парушэннях пры афармленні мытных дакументаў.

Апошнія навіны