«Бабруйск-Арэна» зачыняецца
- 11.06.2008, 12:37
З помпай адчынены 31 мая Лядовы палац у Бабруйску рыхтуецца да размарожвання лёду. Аднак афіцыйнай заявы аб зачыненні катка пакуль няма.
Больш таго, гарадскія газеты паведамляюць аб адкрыцці з 10 чэрвеня новага аўтобуснага маршруту Вакзал – Лядовы палац. Аднак абслугоўваючы персанал ужо ў курсе: прастой вызначаны да верасня, піша Bulletinonline.
– Лядовы будзе працаваць да канца тыдня, – растлумачылі ў білетнай касе, – а потым да восені лёд размарозяць.
Чуткі аб вялікіх недаробках пры сдачы «Бабруйск-арэны» упарта ходзяць па горадзе са дня пампезнага адкрыцця спартовага будынка – на паўтара гады раней разлічанага будаўнікамі тэрміна.
Версія, якую ахвотна высоўваюць самі працаўнікі «Бабруйск-Арэны», гучыць так: улетку на вуліцы горача, і халадзільныя ўсталёўкі не спраўляюцца з выпрацоўкай лёду. Аднак чамусьці ў іншых лядовых палацах краіны, незалежна ад тэмпературы паветра на вуліцы, лядовыя палацы працуюць круглы год.