Ва Ўкраіне савецкія помнікі адправяць у Чарнобыль
- 11.06.2008, 12:40
Міністр культуры Ўкраіны Васіль Ваўкун прапанаваў адправіць савецкія помнікі, дэмантаваныя ў сувязі з угодкамі Галадамору, у Чарнобыль.
"Трэба вылучыць участак у чарнобыльскай зоне, зрабіць тамака музей і вадзіць экскурсіі", - растлумачыў чыноўнік.
Раней, нагадаем, прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка даручыў рэгіянальным адміністрацыям знесці помнікі, прысвечаныя прадстаўнікам савецкай улады, якіх кіраўніцтва краіны лічыць вінаватымі ў арганізацыі Галадамору - масавага голаду 1932-1933 гадоў.
Выступаючы на паседжанні Кардынацыйнай рады па падрыхтоўцы да 75-х угодкаў Галадамору, Ваўкун паведаміў, што дэмантаж такіх помнікаў ідзе па ўсёй краіне. Па словах міністра, якога цытуе "Карэспандэнт", больш за ўсё манументаў, што падляжаць зносу, налічваецца ў Хмяльніцкай вобласці (каля 300 адзінак, па інфармацыі Міністэрства культуры).
У пяці абласцях Заходняй Украіны, як адзначыў чыноўнік, дэмантаж такіх помнікаў ужо завершаны.