Калі кошты эўрапейскія, то й заробак мусіць быць адпаведны
- 11.06.2008, 16:45
Паводле вынікаў дасьледаваньня, праведзенага Эўракамісіяй, сярэдняя аплата за гадзіну працы ў краінах Эўрасаюзу складае 20,35 эўра. У Беларусі гэта паказчык роўны 1,38 эўра.
Найвышэйшая пагадзінная аплата ў Швэцыі – 32,16 эўра, у Даніі – 31,16 эўра і Люксэмбургу – 31,98 эўра, піша “Наша ніва”.
Аўтсайдэрам у краінах Эўрасаюзу зьўляецца Баўгарыя. Тут сярэдні заробак у гадзіну складае €1,65, у Румыніі – €2,68, у Латвіі – €3,41.
Для параўнаньня: у Беларусі сярэдняя пагадзінная аплата складае €1,38 (пры саракагадзінным рабочым тыдні і 23 днях у месяц у красавіку сярэдні налічаны заробак у Беларусі склаў 836 тыс 890 рублёў).
Лукашэнка безупынна заяўляе, што кошты на харчы ў Беларусі мусяць быць эўрапейскімі, то і заробак мусіць быць таксама эўрапейскім. Але ж, калі параўнаць кошты на харчы ў эўрапейскіх краінах і Беларусі і супаставіць гэта з сярэднімі заробкамі, то нашыя кошты ня толькі практычна не адрозьніваюцца ад эўрапейскіх, але й па некаторых найменьнях ужо даўно іх пераўзышлі.
Дадамо, што сярэдняя інфляцыя ў Эўразьвязе па выніках 2008 году прагназуецца на ўзроўні 3-4%, а рост коштаў на харчы не перавысіць 8%. Але Эропа ўжо нэрвуецца, а ў розных краінах ЭЗ адбываюцца страйкі з патрабаваньнем падвышэньня заробкаў.
Тым часам, як у Беларусі інфляцыя толькі за пяць месяцаў (студзень-травень) склала амаль 7%, а кошты на харчы за гэты час узрасьлі по розных крыніцах на 12-20%. І заробкі практычна не растуць.