BE RU EN

Алесь Бяляцкі: «Улада нэрвова рэагуе на ўнутранае назіраньне»

  • 12.06.2008, 9:11

Менск наведала дэлегацыя Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ (БДІПЧ АБСЭ). Гэтая структура, апроч іншага, займаецца і назіраньнем за выбарамі ў розных краінах сьвету.

Ці будуць на восеньскіх парлямэнцкіх выбарах створаны прымальныя ўмовы для працы назіральнікаў, у тым ліку і замежных? Пра гэта разважаюць эксперты «Завтра твоей страны»

Што да міжнароднага назіраньня, то, на думку віцэ-прэзыдэнта Міжнароднае Фэдэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Алеся Бяляцкага, улады, гледзячы па ўсім, пойдуць насустрач міжнародным структурам.

-- А што тычыцца ўнутранага назіраньня, якое, як мяркуецца, будуць арганізоўваць беларускія праваабаронцы, то тут могуць быць праблемы, бо ўлада нэрвова рэагуе на ўнутранае назіраньне, ведаючы, што якраз беларускія назіральнікі могуць заўважыць значна больш, чым замежныя, якія прыязджаюць на непрацяглы час, і потым падзяліцца гэтай інфармацыяй зь міжнроднай супольнасьцю, - адзначае Алесь Бяляцкі. – Тым ня менш, згодна Канстытуцыі, згодна закону аб выбарах кожны грамадзянін Беларусі мае права ўдзельнічаць у назіраньні за выбарамі. Таму, строга зыходзячы з канстытуцыйных правоў, беларускія праваабаронцы пастараюцца ўсё ж удзельнічаць у гэтым назіраньні, але як яно атрымаецца, пакуль цяжка казаць, улічваючы папярэдні вопыт.

Віцэ-прэзыдэнт МФПЧ нагадаў, што ў 2001 годзе з прычыны назіраньня за выбарамі быў зачынены Праваабарончы цэнтр “Вясна”, а ў 2006 годзе актывісты няўрадавай арганізацыі “Партнёрства”, якая займалася назіраньнем, былі арыштаваныя і асуджаныя да турэмнага зьняволеньня.

-- Вялікіх наўпроставых перашкодаў фізычнага кшталту ня будзе, - мяркуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі. – І наадварот, зараз можна заўважыць, што беларускае кіраўніцтва ўсяляк піярыць сваю гатоўнасьць шырока расчыніць дзьверы перад замежнымі назіральнікамі. Рэч у тым, што тое, што выклікае найбольшыя пярэчаньні і з боку апазыцыі, і розных замежных структураў, - гэта латэнтнасьць гэтага мэханізму, які забясьпечвае “элегантныя перамогі”, тое, што немагчыма ўбачыць чалавеку, які прыехаў назіраць на некалькі дзён ці нават тыдняў: гэта і пяць дзён датэрміновага галасаваньня, гэта і тое, што за падлікам бюлетэняў у камісіях ня могуць назіраць прадстаўнікі апазыцыйных партыяў. Адным словам, ёсьць цэлы арсэнал сродкаў, якія адсякаюць лішнія вочы ад таго мэханізму, у выніку якога зьяўляюцца афіцыйныя лічбы.

Апошнія навіны