Ярмошына выкрывае сапраўдны твар уладаў
- 12.06.2008, 9:22
Лідзія Ярмошына заявіла, што вылучэнне ў выбарчыя камісіі кагосьці ад АДС будзе расцэньвацца, як правакацыя, бо такой арганізацыі няма.
Словы старшыні ЦВК каментуе на сайце milinkevich.org намеснік лідэра Руху “За Свабоду” Віктар Карнеенка.
– АДС – гэта форма супрацоўніцтва самых розных палітычных структур і арганізацый. Таму, калі спадарыня Ярмошына лічыць, што нас няма, гэта яе выключна суб’ектыўнае меркаванне. Мы ёсць! – заяўляе Віктар Карнеенка.
На думку намесніка лідэра Руху “За Свабоду”, такая нервовая рэакцыя Лідзіі Ярмошынай на складзены дэмсіламі спіс верагодных сябраў выбарчых камісій выкрывае яе сапраўдную ролю ў іх фармаванні.
– Справа ў тым, што дэ-юрэ камісіі фарміруюцца не Центарвыбаркамам. Іх зацвярджаюць выканкамы і мясцовыя саветы. Але ж жывая рэакцыя ЦВК на прапанаваны намі спіс сведчыць аб адваротным. Спадарыні Ярмошынай мы прапанавалі выключна праекты пастаноў ЦВК, рэакцыя на якія нам усім вядомая, – нагадвае ініцыятар кампаніі “За Свабодныя выбары” Віктар Карнеенка.
Паводле меркавання палітыка, дзеянні і словы Лідзіі Ярмошынай дэманструюць усім сапраўднае стаўленне дзяржавы да волевыяўлення грамадзян.
– Па Законе прадстаўнікоў дэмсілаў не абавязаны ўключаць у камісіі, але яны маюць права на тое, каб быць у складзе такіх камісій. Адмова увесці ў склад камісій прадстаўнікоў дэмакратычных кандыдатаў не можа тлумачыцца нічым, акрамя жадання захаваць закрытасць і недэмакратычнасць выбарчага працэсу. На свабодных выбарах у такім разе можна ставіць крыж, – падсумоўвае Віктар Карнеенка.