У Менску катастрафічна нестае лекараў
- 13.06.2008, 10:03
Менску катастрафічна нестае лекараў – сталіца найменш забяспечана медперсаналам.
Як прызнаўся кагадзе міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко, у сувязі з недахопам кадраў яму давялося фактычна парушыць дэкрэт Лукашэнкі і ўласным распараджэннем прымусова пакінуць у Менску 100 выпускнікоў медінстытутаў.
"Ёсць праблема з заробкам, сярэднемесячная заробная плата супрацаўнікоў аховы здароўя сёння складае 312 даляраў, на долю малодшага медыцынскага супрацаўніка прыпадае 192 . Гэта вельмі нізкі паказнік, будзем яго не толькі выраўноўваць па галіне, яшчэ і прасіць урад увогуле павялічыць заробак медыкам. Свае прапановы мы даслалі прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. Ад заробку шмат у чым залежыць і якасць медыцынскіх паслуг", - заявіў Васіль Жарко.
Без кваліфікаваных і матываваных кадраў нельга рабіць сучасныя аперацыі.
"Так, у Беларусі перасадку сэрца медыкі пачнуць у пачатку 2009 года,- сказаў на прэс-канферэнцыі з нагоды Дня медыка міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко. - Закупляецца адпаведная апаратура, лекары праходзяць стажыроўку за мяжой".
Нягледзячы на тое, што смяротнасць у краіне знізілася, па асобных відах захворванняў яна даволі высокая: на смяротнасць ад хваробаў сістэмы крывазвароту прыпадае 53%.