BE RU EN

Міхаіл Гарбачоў атрымае медаль Свабоды

  • 16.06.2008, 10:40

Экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў атрымае медаль Свабоды 2008 года за свой унёсак у сканчэнне халоднай войны.

Як адзначылі службоўцы з Нацыянальнага канстытуцыйнага цэнтра ЗША, якія абвясцілі ў пятніцу прысуджэнне ўзнагароды, Гарбачоў даў спадзеў тэм, хто жыў за жалезнай заслонай. Першы прэзідэнт СССР атрымае медаль 18 верасня ў канстытуцыйным цэнтры. Уручаць яе будзе былы прэзідэнт Джордж Буш-старэйшы, які ўзначальваў ЗША у 1991 годзе, у часы распаду Савецкага Саюза, піша газета "International Herald Tribune".

Буш з'яўляецца старшынём канстытуцыйнага цэнтра. Ён сам, а таксама былы прэзідэнт Біл Клінтан, атрымалі гэты медаль у 2006 годзе - за дапамогу ахвярам урагану "Катрына" на паўночным узбярэжжы Мексіканскага заліва праз створаны імі адмысловы фонд Bush-Clinton Katrina Fund.

Нацыянальны канстытуцыйны цэнтр штогод прысуджае ўзнагароду людзям ці арганізацыям, чые дзеянні адпавядаюць карэнным прынцыпам, закладзеным у канстытуцыі ЗША. Упершыню медаль была ўручаная ў 1989 годзе.

Прэзідэнт канстытуцыйнага цэнтра Джозаф М.Тарсэла ў пятніцу згадваў, як Гарбачоў затэлефанаваў Бушу, калі над Крамлём у апошні раз спускалі савецкі сцяг. "Ён хацеў, каб блізкі і дарагі яму сябар супакоіў, што ён здзейсніў слушны крок", - сказаў Тарсэла.

Пакінуўшы свой пост, Гарбачоў стварыў некамерцыйную арганізацыю Green Cross International, якая займаецца распрацоўкай міжнароднага экалагічнага заканадаўства. Да таго ж, ён з'яўляецца прэзідэнтам "Гарбачоў-Фонду", які ладзіць даследаванні ў палітычнай і эканамічнай сферах.

Апошнія навіны