BE RU EN

Аляксандр Сасноў: Пры гэтай уладзе нават пенсія сілавіка будзе вышэй за заробак лекара

  • 16.06.2008, 14:39

З 1 ліпеня падвышаецца заробак лекарам. Былы міністр працы Аляксандр Сасноў лічыць, што і пасля гэтага ў Беларусі заробак медыкаў застанецца вельмі нізкім у параўнанні з заробкам сілавікоў.

У Беларусі таксама пашыраны пералік медыцынскіх аперацый, выкананне якіх падлягае больш высокаму матэрыяльнаму стымуляванню. Эксперты і непасрэдна працаўнікі дадзенай галіны перакананыя, што гэтыя падвышэнні медычныя праблемы не вырашаць, піша «Беларускі партызан».

«Працаўнікам усіх бюджэтных арганізацый сталі нешта дадаваць апошнія гады - відаць, далей ужо няма куды было дзявацца. Да прыкладу, нават у Менску вакансій медпрацаўнікоў, асабліва ў паліклініках, вельмі шмат. У першую чаргу, у нас матэрыяльна стымулявалі і стымулююць спецслужбы, вайскоўцаў, міліцыю і г.д. На дадзены момант нават пенсія сілавіка перавышае заробак лекара або настаўніка. І гэтая прапорцыя пры цяперашняй уладзе наўрад ці памяняецца», - упэўнены Аляксандр Сасноў.

Дзеля справядлівасці, на ўсёй постсавецкай прасторы да бюджэтнікаў стаўленне не самае ветлівае ў плане іх матэрыяльнага стымулявання. Але ж кіраўніцтва Беларусі з 1994 года заяўляе, што будуе справядлівую ў сацыяльным плане дзяржаву.

Пры гэтым Сасноў лічыць, што падвышэнне заробкаў ніяк не адаб'ецца на дабрабыце медпрацаўнікоў, асабліва, з улікам узроўня інфляцыі ў краіне. «Няўжо пасля гэтага лекары змогуць самастойна будаваць сабе жыллё? Не. Цяпер можна будзе абыйсціся без паднашэнняў або, калі сапраўды зваць рэчы сваімі імёнамі, хабараў пры правядзенні тых жа складаных аперацый? Моцна сумняваюся. Нарэшце, прафесія лекара стане прэстыжнай і грашовай? Смешна», - кажа Сасноў.

Хірург адной з раённых лякарняў Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці 33-летні Ігар П. салідарны з меркаваннем былога міністра працы.

«Ёсць вялікая асцярога, што пасля падвышэння нам могуць прыбраць надбаўкі за дзяжурства, сумяшчэнне ставак і гэтак далей. Таму, як бы не праслязіцца ад новага разліковага лістка… Асабіста я наогул не ведаю, ці трапляю пад катэгорыю працаўнікоў, якім паложаныя надбаўкі - бо на дадзены момант у асноўным я выкарыстоўваюся як дзяжурны хірург. Але нават калі ўсё будзе добра, то я атрымаю на рукі дадаткова 34 тысячы рублёў - мой аклад складае 340 тысяч рублёў. Праўда, я яшчэ дадаткова атрымліваю 0,75 свайго акладу, бо працую па сумяшчальніцтве дзіцячым хірургам. Ну і плюс даплаты за дзяжурства. Выходзіць нешта каля мільёна. Але гэта пры працы практычна за дваіх!» - кажа практыкуючыдоктар.

Дарэчы, Ігар ужо 7 гадоў займаецца па выходных рэалізацыяй рознага хадавога тавара - мыйныя сродкі, зубная паста, туалетная папера…

Пры гэтым ён кажа, што не адчувае ніякага сораму. Шматлікія ягоныя калегі нехаця сталі каробачнікамі, каб забяспечыць свае сем'і. Па меркаванні Ігара, яны ці наўрад растануцца са сваім «прызаробкам» і пасля падвышэння зарплаты.

Апошнія навіны