BE RU EN

Беларусы не змогуць ведаць праўду пра бяспраўе ўладаў

  • 17.06.2008, 9:06

Сёння беларускі "парламент" мае намер разгледзець у першым чытанні праект Закона аб СМІ. Незалежныя эксперты заявілі, што ў выпадку прыняцця законапраекта ў цяперашняй рэдакцыі будзе нанесены непапраўны ўдар па незалежнай прэсе.

Між тым, напярэдадні, прапануючы законапраект у "парламенце", намесніца старшыні адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч паспрабавала супакоіць "дэпутатаў" - маўляў, новы законапраект "не робіць адказнасць больш жорсткай".

Законапраект рыхтаваўся цягам 5 гадоў з ініцыятывы Адміністрацыі прэзідэнта, у замкнёным рэжыме. Ён паступіў у беларускую "палатку" толькі 10 чэрвеня і ўжо на наступны дзень была прызначана дата разгляду - 17 чэрвеня.

Характэрна, што тэкст законапраекта Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала толькі перад мінулымі выходнымі. У пятніцу юрысты БАЖ прааналізавалі праект закона аб СМІ і прыйшлі да несуцяшальнай высновы: у выпадку прыняцця законапраекта ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, што паставіць іх на мяжу жыцця, а фактычна прывядзе да знішчэння незалежных СМІ у краіне.

Найбольшы клопат выклікае тое, што ў выпадку прыняцця праекту закона аб СМІ улады змогуць блакаваць усё Інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі. Пры гэтым дзейнасць Інтэрнэт-рэсурсаў будзе рэгулявацца не законамі, а пастановамі Савета міністраў.

Але "гэта не значыць, што пастанова ўрада па дадзеным пытанні будзе заўтра ці праз паўгады. Можа быць, яе не будзе наогул", - заявіла напярэдадні з гэтай нагоды Пяткевіч.

"Нічога парушальнага, забараняльнага або чагосьці абмежавальнага ў гэтым законапраекце няма", - выказала здагадку Наталля Пяткевіч.

Аднак, па словах Н.Пяткевіч, "калі будзе вострая патрэба, і інтэрнэт-СМІ стануць праблемай, але не па змесце, а іх колькасць стане такой, што паўстане патрэба іх рэгламентацыі і парадкавання, значыць, будуць выразна вызначаны крытэры" іх працы.

Між тым, паводле праекту Закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцыяў, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават праз адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні выданням зможа не толькі Міністэрства інфармацыі, але і любы суддзя, пракурор ці чыноўнік любога райцэнтра.

Раней пра неабходнасць узмацнення жорсткасці заканадаўства аб СМІ неаднаразова выказваліся беларускія чыноўнікі высокага рангу. Так, намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч заяўляла, што сёння ў Беларусі існуе праблема "дэзінфармацыйных плыняў замежных сайтаў, але ёсць досвед Кітая, які перакрыў доступ такіх сайтаў на сваю тэрыторыю".

Дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Алег Праляскоўскі настойвае на "узмацненні адказнасці за інфармацыю ў інтэрнэце" і прапануе ўскласці адказнасць за распаўсюд інфармацыі ў Інтэрнэце не толькі на адміністратара сайта, але і на ўладальніка Інтэрнэт-рэсурсу і правайдэра.

Сёння ў Беларусі практычна не засталося незалежных друкаваных выданняў. Радыё і тэлебачанне падкантрольныя ўладам. Адзінай магчымасцю атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю заставаўся Інтэрнэт. Але робіцца відавочным, што пасля прыняцця законапраекта ў найбліжэйшай перспектыве ў краіне ўвогуле не застанецца незалежных ад дзяржавы СМІ, а для грамадзян стане недасяжнай праўдзівая інфармацыя пра падзеі ў краіне. І гэта напярэдадні парламенцкіх выбараў і паспешлівага будаўніцтва АЭС!

Апошнія навіны