У Дзень Салідарнасці ў Менску прайшлі акцыі ў падтрымку палітвязняў (Фота)
- 17.06.2008, 9:51
Актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" у Дзень Салідарнасці 16 чэрвеня правялі ў Менску шэраг акцыяў у падтрымку палітвязняў.
Дзень Салідарнасці ў Менску скончыўся некалькімі вулічнымі акцыямі, у якіх паўдзельнічала ад 20 да 40 актывістаў кампаніі. Маладзёны вышлі на праспект Незалежнасці і вуліцу Няміга ў цэнтры горада з партрэтамі палітвязняў. Яшчэ адна акцыя прайшла ў станцыі метро "Пушкінская".
Акрамя партрэтаў Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна і Сяргея Парсюкевіча актывісты кампаніі трымалі ў руках фота і Аляксандра Атрошчанкава, які адбывае арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску.
Каля выхаду з метро "Каменная горка" была вывешана расцяжка з лозунгам "!НЕ РЭПРЭСІЯМ!". Да расцяжкі былі прымацаваны партрэты асуджаных з палітычных матываў Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча.
Расцяжка правісела з гадзіну і выклікала вялікі ажыятаж у мінакоў і жыхароў найбліжэйшых дамоў, пасля чаго ўсё ж была знята супрацоўнікамі органаў правапарадку.
Таксама ў гэты дзень адбылася акцыя ў падтрымку Івана Шылы. Яна прайшла ў Акадэміі навук. Актывісты "Еўрапейскай Беларусі" трымалі расцяжку і раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра незаконнае выключэнне са школы салігорскага маладафронтаўца.












