Ці прыедуць у Менск французскія парламентарыі пасля беларускіх выбараў?
- 17.06.2008, 13:58
Беларусь і Францыя дамовіліся правесці працу па арганізацыі візітаў у Менск восенню цяперашняга года дэлегацый французскіх парламентарыяў і дзелавых колаў гэтай краіны.
Аб гэтым заявіў журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валер Варанецкі, які ўзначальваў дэлегацыю Беларусі на беларуска-французскіх міжмідаўскіх кансультацыях у Парыжы.
"Мы дамовіліся, што папрацуем над арганізацыяй гэтых візітаў, якія могуць адбыцца пасля парламенцкіх выбараў (у Беларусі - ІФ) у кастрычніку-лістападзе цяперашняга года", - цытуе Варанецкага «Інтэрфакс».
Падчас кансультацыяў, па ягоных словах, "у Парыжы мы дамовіліся актывізаваць нашыя адносіны па ўсіх кірунках, уключаючы супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, культурнай сферах". У прыватнасці, адзначыў В.Вараненцкі, "мы дамовіліся аб арганізацыі візіту ў Менск прадстаўнікоў асацыяцыі прамыслоўцаў, прадпрымальнікаў, банкіраў Францыі".
"Мы спадзяемся, што нашыя адносіны будуць развівацца ў канструктыўным і прагматычным рэчышчы", - сказаў В.Варанецкі, заявіўшы, што "Францыя зацікаўленая ў наладжванні і актывізацыі двухбаковых адносінаў".
В.Варанецкі паведаміў, што падчас кансультацый таксама закраналася тэма будучых парламенцкіх выбараў у Беларусі. "Натуральна, Беларусь будзе праводзіць выбары ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, і я не бачу тут якія-небудзь праблем для нашых двухбаковых адносін", - заявіў намглавы МЗС Беларусі.