BE RU EN

Арганізатары авіяшоў перасварыліся з-за ягонага правалу

  • 18.06.2008, 9:28

У тым, што першае нацыянальнае авіяшоў "Менскаэра-2008" не адбудзецца, арганізатары вінавацяць адзін аднаго.

Дырэктар дабрачыннага фонду "Памяць Афгана" Аляксандр Мятла на прэс-канферэнцыі ў Менску сказаў, што адмовіцца ад правядзення авіяшоў яго прымусіла тое, што ён проста не ўяўляў сабе маштабаў гэтай імпрэзы і ўзроўню ўзгаднення дадзенага мерапрыемства. Па ягоных словах, узгадненні павінныя былі адбыцца на ўзроўні міністраў замежных справаў Беларусі і Расеі, міністраў абароны дзвюх краінаў і нават кіраўніка беларускай дзяржавы.

"Яны панаабяцалі беларусам і "Віцязяў", і "Стрыжоў", і паветрапалавацеляў з 25 краінаў свету. Яны бы яшчэ паабяцалі правесці метро да "Лініі Сталіна", - эмацыйна заўважыў А.Мятла.

Аднак прадстаўнік ААТ "Авіясалон", аператар расейскага авіяцыйна-касмічнага салона "МАКС" Антон Здункевіч сказаў, што "кампанія, у якой я працую 17 гадоў, займаецца падрыхтоўкай не толькі авіяшоў, але і авіясалонаў. І я адзіны чалавек у Беларусі, які ў поўнай меры ўяўляе сабе маштаб гэтага дзейства, і як менавіта яго арганізоўваць". Ён таксама адзначыў, што калі бы не "развал", які прадэманстраваў А.Мятла, жыхары Беларусі ўбачылі бы шоў.

У якасці доказу таго, што яшчэ адзін арганізатар ЗАТ "СолМедыяГран" вёў актыўную працу па падрыхтоўцы авіяшоў, С.Салаўёў прадэманстраваў дамову з прадстаўнікамі пілатажнай групы "Стрыжы", паводле якой расейскія пілоты гатовыя былі выляцець у Менск. Ён таксама ў катэгарычнай форме адпрэчыў чуткі аб тым, што квіткі на шоў, кошт якіх вызначаны ў Br25 тыс, прадаюцца. "Ні аднаго квітка ў цяперашні час не прададзена. У цяперашні час яны знаходзяцца на рэгістрацыі ў падатковай інспекцыі", - канстатаваў С.Салаўёў.

Меркавалася, што першае нацыянальнае авіяшоў "Менскаэра-2008" пройдзе пад Менскам у комплексе "Лінія Сталіна" 3 ліпеня.

Аднак зараз замест заяўленага авіяшоў менчукі змогуць убачыць толькі звычайны парад-маскарад, з удзелам вайскоўцаў у ваеннай форме ўзораў ад 1917 году да сучаснай.

Апошнія навіны