Прыватызацыя па-беларуску: дзяржуласнасць толькі для «кішэнных» фірмаў
- 18.06.2008, 15:42
Адзін з багацейшых беларускіх бізнэсаў, нафтавая кампанія «Юнівест-М», працягвае прырастаць актывамі ў Беларусі. Ейная «дачка» - СТАА «Юнівестбудінвест» - «прызначаная» указам Лукашэнкі стратэгічным інвестарам і ўладальнікам кантрольнага пакета акцый Смалявіцкага заводу жалезабетонных вырабаў.
Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі ейная нядаўна створаная будаўніча-дэвелаперская «дачка» - СТАА «Юнівестбудінвест» - «прызначаная» стратэгічным інвестарам і ўладальнікам кантрольнага пакета акцыянуемага ў цяперашні час КУП «Смалявіцкі завод жалезабетонных вырабаў» (Смалявіцкі ЗЖБВ), піша «Ежедневник».
Адначасова па гэтым жа ўказе «у мэтах забеспячэння будаўнічымі матэрыяламі арганізацыяў рэспублікі і прыцягнення інвестараў у будаўнічую галіну» урад Беларусі павінны заклапаціцца продажам «Юнівестбудінвесту» вытворчай пляцоўкі ў Смалявічах, якая належыла ПРУП «Будаўніча-мантажны трэст «Белпалівабуд». Раней абодва смалявіцкія прадпрыемствы ўваходзілі ў структуру «Белпалгаза».
Адзначым, што за адносна кароткі прамежак часу гэта - другое рашэнне Лукашэнкі, датычнае прыватызацыі або акцыянавання дзяржаўных або з пераважнай доляй дзяржавы прадпрыемстваў на карысць прыватных структураў. У лістападзе 2007 года Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны ўказ аб механізме афармлення ва ўласнасць не менш вядомай у Беларусі прыватнай структуры ТАА «Трайпл» і кантрольнага пакета акцый ААТ «Бярозаўскі камбінат будаўнічых вырабаў».
Адмыслова падкрэслім узровень, на якім у абодвух выпадках прымалася рашэнне. А для скептыкаў звернем увагу на тое, што абодва пагадненні ніяк не ставяцца да рэалізацыі становішчаў праграмы развіцця малых гарадоў і населеных пунктаў: ні Бяроза, ні Смалявічы не ўключаныя ў дадзены спіс. Таму можна доўга спрачацца аб тэмпах і асаблівасцях прыватызацыі па-беларуску, але факт у наяўнасці: яна ідзе. І чым далей, тым інтэнсіўней.
Так, прыватызацыя напрамую яшчэ не кранула стратэгічных аб'ектаў накшталт «Нафтана», «Беларуськалія» і БМЗ. Але гэта толькі па той прычыне, што ўлады да яе пакуль не гатовыя, і ў першую чаргу ў сілу сваіх піяраўскіх сацыяльна-эканамічных прыярытэтаў. Ні пядзі роднага жалеза сусветнаму алігархату - вось шматгадовы дэвіз, на якім будавалася і трымаецца пакуль існуючая палітычная сістэма. І лозунг гэты яшчэ застаецца ў сіле.
Але гэта не дакранаецца кішэнных фірмаў, якія прыцягваюцца для прыватызацыі камунальнай уласнасці. Апошняя тэндэнцыя ўсё больш набірае ход: з аднаго боку, указы прэзідэнта, з іншага - прынятая праграма развіцця малых гарадоў надаюць ёй паскарэнне. Што датычна эканамічнай аддачы, то лакальныя бізнэсы пры граматным менеджменце і неабмежаваным адміністрацыйным рэсурсе могуць прыносіць даволі прыстойныя дывідэнды.
Ва ўсялякім выпадку, дастатковыя для этапу, калі беларускія бізнэсмэны аддаюць перавагу пазбягаць трапленні ў Forbes і іншыя рэйтынгі.
Да ўвагі
Група «Юнівест» у Беларусі прадстаўленая ІЧУПТП «Юнівест-М» і СТАА «Юнівестбуднвест».
«Юнівест-М» - найбуйнейшы імпарцёр, перапрацоўшчык нафты і экспарцёр нафтапрадуктаў у Беларусі, ва ўласнасці якога знаходзіцца нафтабаза ў Гомельскім раёне. Кампанія з'яўляецца саінвестарам (нараўне з РУП «Беларускі металургічны завод») у Жлобінскі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Вядзе будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага комплексу ў Берасці, якое павіннае быць завершанае ў 2010 годзе. Прызначаная забудоўшчыкам жылымі і адміністрацыйна-дзелавымі будынкамі тэрыторыі турмы на Кальварыйскай у Менску.
«Юнівест-М» з'яўляецца таксама экспедытарам на Беларускай чыгунцы, уладальнікам рэстарана Bella Rosa у Менску (які па выніках 2007 года прызнаны лепшым сталічным рэстаранам з замежнай кухняй), кафэ-піцэрыі «Лиманчэла» у Жлобіне, а таксама інвестарам ЗАТ «ХК «Дынама-Менск». СТАА «Юнівестбудінвест» у сакавіку 2008 года вызначанае ўказам Лукашэнкі ў якасці забудоўшчыка і інвестара жылога мікрараёна ў пасёлку Калодзішчы Менскага раёна. Праект разлічаны да 2014 года.