У Акадэміі навук заяўляюць аб «нявывучанасці» гісторыі нацыянальнага сцяга
- 18.06.2008, 16:42
Прапанова аб наданні бела-чырвона-беламу сцягу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці было адхіленае Міністэрствам культуры ў сувязі з "недастатковай аргументаванасцю і дакументальнай абгрунтаванасцю".
Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, 18 чэрвеня ў офіс таварыства паступілў адпаведны выпіс з пратаколу паседжання Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ад 21 мая за подпісам намміністра Ўладзіміра Грыдзюшкі.
Сваю пазіцыю чальцы савета матывавалі "недастатковай аргументаванасцю і дакументальнай абгрунтаванасцю" прапановы таварыства. Акрамя таго, адзначаецца ў дакуменце, ёсць заключэнні Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, "якія сведчаць аб неадпаведнасці прадстаўленых матэрыялаў прававым нормам і нявывучанасці гісторыі дадзенага пытання".
А.Астаповіч назваў рашэнне савета чаканым. Пры гэтым ён падкрэсліў, што заяўка на наданне бела-чырвона-беламу сцягу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці была аформленая ў адпаведнасці з заканадаўствам. "Пакуль існуе цяперашняя сістэма ўлады, пры якой чыноўнікі любой сферы, у тым ліку навукі і культуры, баяцца самастойна прымаць любое рашэнне, не будзе падтрыманая ні адна падобная ініцыятыва грамадскасці", — лічыць Астаповіч.
Бел-чырвона-белы сцяг з 1991 па 1994 гады быў адным са знакаў беларускай дзяржаўнасці, а бел-чырвона-белыя стужачкі з'яўляюцца элементамі сімволікі зарэгістраванага грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны" і Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы. Некалькі гадоў таму назад герб "Пагоня" быў уключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.