Віцэ-прэм'ер Кабякоў: Кошты на расейскі газ будуць расці
- 19.06.2008, 9:30
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што кошты на расейскі газ будуць расці, паколькі яны прывязаны да кошту нафты, якія стала падвышаюцца.
Па ягоных словах, Расея пераглядае свае планы па змене коштаў на газ унутры краіны для выйсця пад 2011 год на роўнапрыбытковыя кошты, так званыя кошты net-back, для расейскіх спажыўцоў, піша Тэлеграф.
"У сувязі з тым, што кошты на нафту выраслі відавочна не так, як прагназавалася яшчэ ў 2006 годзе, кошты на газ, разлічаныя праз формулы, значна адрозніваюцца ад тых параметраў, якія расейскі бок закладаў у свае прагнозы ў 2006 годзе, а таксама ад тых, якія сталі падмуркам беларуска-расейскай дамовы аб пастаўках газу, падпісанай ў 2006 годзе", - патлумачыў віцэ-прэм'ер у інтэрв'ю "Інтэрфаксу".
"Мы бачым, што расейскі бок пераглядае свае планы, хоць кошты ўсё роўна будуць расці - гэта безальтэрнатыўная траекторыя. Пытанне ў тым, наколькі імкліва яны пойдуць уверх. Заявы вядуцца пра тое, што кошты на газ у Расейскай Федэрацыі будуць прыкметна ніжэй за разлічаныя праз формулы", - распавёў Андрэй Кабякоў.
"Мы прапаноўваем Расеі зладзіць адпаведныя карэктывы і ў гандлі газам з Беларуссю. Сёння гэта з'яўляецца прадметам перамоваў", - сказаў ён.