BE RU EN

Судзяць даішнікаў, якія ўчынілі пад Менскам «жывы шчыт»

  • 19.06.2008, 10:46

Суд Менскага раёна і горада Заслаўля пачаў разглядаць крымінальную справу адносна супрацоўнікаў ДАІ, якія затрымлівалі на трасе "Менск- Мікашэвічы" п'янага кіроўцу.

"Судовы працэс па крымінальнай справе аб "жывым шчыце" пачаўся ў судзе Менскага раёна і горада Заслаўля 19 чэрвеня 2008 года ў 10.30", пераказвае карэспандэнт "Інтэрфакса".

У суд перададзены матэрыялы крымінальнай справы адносна двух супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска. Адносна яшчэ двух крымінальная справа спынена з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства. "Падчас дасудовага разгляду было вызначана, што два супрацоўнікі ДАІ, адносна якіх спынена крымінальная справа, прыехалі на месца здарэння, калі п'яны кіроўца быў ужо спынены", - удакладнілі ў пракуратуры.

У сваю чаргу адвакат асобаў, якія праходзяць па гэтай справе ў якасці пацярпелых, Вера Страмкоўская паведаміла, што "усё 6 чалавек (яе падабаронныя) падалі грамадзянскі зыск адносна супрацоўнікаў ДАІ на суму Br50 млн кожны ў якасці пакрыцця маральнай шкоды". Апрача гэтага, па словах адваката, "пацярпелыя выставілі зыск супрацоўнікам ДАІ памерам у Br25 млн за матэрыяльную шкоду".

14 сакавіка 2008 года пракуратура завяла крымінальную справу адносна 4 супрацоўнікаў аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС Менска, якія бралі ўдзел у затрыманні п'янага кіроўцы Рамана Мянцюка на трасе "Менск-Мікашэвічы" 2 сакавіка. Крымінальная справа была распачата па ч. 1 арт. 424 "Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі" Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Р.Мянцюк ехаў з хуткасцю 160 км/г, калі супрацоўнікі ДАІ пачалі пераслед. Каб спыніць машыну з парушальнікам, супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска з некалькіх машын, у якіх былі людзі, выставілі загароду. Адносна Р.Мянцбка таксама распачата крымінальная справа за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане. Ён абвешчаны ў вышук.

Апошнія навіны