Генпракурор Васілевіч: «Трэба разнастаіць формы ўздзеяння на патэнцыйных правапарушальнікаў»
- 19.06.2008, 13:18
Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч выказваецца за падвышэнне штрафаў для п'яных кіроўцаў да тысячы базавых велічыняў, а таксама прапаноўвае аднавіць савецкую практыку публічных вымоваў.
"Не дасягнутыя меры прафілактычнага ўздзеяння на асоаўб, якія ў нецвярозым стане паўторна садзяцца за руль аўтатранспарту", заявіў Г.Васілевіч у інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия", апублікаваным у чацвер.
"Пракуроры, пры прыцягненні такіх кіроўцаў да крымінальнай адказнасці ў рамках усталяванай санкцыі павінныя патрабаваць прызначэння больш высокіх памераў штрафаў, чым гэта практыкуецца цяпер (40-70 базавых велічыняў). Па КК дапушчальна накладаць штрафы да адной тысячы базавых велічыняў", лічыць Г.Васілевіч.
Васілевіч таксама лічыць недасканалай сучасную практыку прызначэння пакаранняў.
Па гэтай прычыне ён заявіў, што з'яўляецца прыхільнікам пакаранняў, "адэкватных цяжару злачынства, з улікам асобы злачынца". "Камусьці, можа, досыць прызначэння пакарання ў выглядзе грамадскіх працаў. Але гэта павінныя быць такія працы, выкананне якіх такой асобе запомнілася б на ўсё жыццё. У адным выпадку гэта можа быць і ўборка вуліцы, у іншым больш запамінальнае, выбачыце, напрыклад, чыстка грамадскай прыбіральні", лічыць генпракурор.
Генпракурор таксама прапаноўвае "успомніць аб выязных паседжаннях" судоў. "Чаму б участковым не "запрашаць" патэнцыйных дэбашыраў на судовыя паседжанні, дзе разглядаюцца адпаведныя крымінальныя справы. Ды і судам трэба ўспомніць аб выязных паседжаннях. Усё гэта працуе на бяспеку грамадства", лічыць генпракурор.
Па ягоным меркаванні, у сельскай мясцовасці "трэба разнастаіць формы ўздзеяння на патэнцыйных правапарушальнікаў". "Чаму хоць бы раз на месяц іх усіх не сабраць у сельскім клубе і публічна не спытаць з іх за іх паводзіны. Тут маглі бы быць прадстаўнікі не толькі праваахоўных органаў, але і наркалагічных службаў, тыя жа псіхолагі, прадстаўнікі мясцовай улады, органаў адукацыі", прапанаваў генеральны пракурор.