Адна ноч у менскай Crowne Plaza абыйдзецца ў месячны заробак
- 2.06.2008, 9:24
Пасля рэканструкцыі ў цэнтры Менска, насупраць стадыёна "Дынама", адкрыўся гатэль "Свіслач". Праўда, зараз ён называецца Crowne Plaza Minsk і будзе мець пяцізоркавы статус. Пражыванне ў такім гатэлі мала каму па гаманцу.
Суткі ў нумары стандарт стануць у 210 еўра, што толькі на пару дзесяткаў еўра менш за месячны заробак сярэднестатыстычнага беларуса. Зрэшты, на тутэйшых гатэль, які ўваходзіць у найбуйнейшы сусветны ланцужок InterContinental Hotel Groups, і не разлічаны. 115 нумароў, разам з двума прэзідэнцкімі люксамі па 715 еўра за ноч, чакаюць перадусім багатых замежнікаў. Такімі, напрыклад, сталі намеснік старшыні ўпраўлення "Газпрома", прэзідэнт Кантынентальнай хакейнай лігі Аляксандр Мядзведзеў і канадскі хакейны спецыяліст Уэйн Флемінг, які прыехаў на перамовы аб падпісанні кантракту з менскім "Дынама", паведамляе газета «Салідарнасць».
Трэба адзначыць, што стандартны нумар у віленскім гатэлі Crowne Plaza каштуе нашмат танней - ад 98 да 122 еўра.
Перакос у бок дарагіх гатэляў у беларускай сталіцы відавочны. Нядаўна адкрылася пяцізоркавая "Еўропа", дзе звычайны нумар каштуе 265 еўра за суткі. Утрая танней - 145 даляраў за суткі - нумар у чатырохзоркавай "Вікторыі". Але для шараговага турыста ўсе гэтыя варыянты непрымальныя. Яму патрэбны дыхтоўныя гатэлі эканом-класа, якіх у Менску вельмі нестае. На фоне скарачэння і без таго кволай плыні замежных турыстаў (ад 17 тыс. у студзені-сакавіку 2007 года да 14 тыс. у першым квартале 2008-га) гэтая праблема робіцца яшчэ вастрэйшай.
Злыя языкі кажуць, што дарагія гатэлі будуюцца з разлікам на чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, заяўку на правядзенне якога падала Беларусь. Туды, маўляў, заселяць функцыянераў і ўдзельнікаў. Але куды падзецца звычайным заўзятарам і іншым простым смяротным?