Як чыноўнікі распраўляюцца з пратэстуючымі працаўнікамі (Відэа)
- 2.06.2008, 9:42
Відэакадры сустрэчы ўрадавай дэлегацыі на чале з міністрам энергетыкі Беларусі Аляксандрам Азярцом з калектывам ЦЭЦ-5 трапілі да журналістаў.
На сустрэчы абмяркоўваўся пытанне будаўніцтва каля ЦЭЦ-5 заводу расейскай фірмы "Август" па вытворчасці ядахімікатаў. Відэа прапануе газета «Товарищ».
Варта дадаць толькі, што 14 траўня з'явіўся загад "Аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці", паводле якога 100 супрацоўнікам ЦЭЦ-5 былі абвешчаны вымовы з пазбаўленнем прэміі за травень месяц. Цытуем фармулёўку загада: "12 траўня 2008 года па ўказанні Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь у 16.00 гадзін была падрыхтавана працоўная сустрэча з удзелам Міністра энергетыкі, намесніка кіраўніка апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з калектывам працаўнікоў філіяла РУП "Менскэнерга" ЦЭЦ-5 па пытанні будаўніцтва заводу для вытворчасці сродкаў абароны раслінаў на тэрыторыі Пухавіцкага раёна. У 16 гадзін 55 хвілін асобная група працаўнікоў перад сканчэннем працоўнага дня дэманстратыўна сышла з працоўнага месца сустрэчы, што пацягнула за сабой невыкананне правілаў унутранага працоўнага распарадку, якім вызначаецца рэжым пачатку і сканчэння працоўнага дня, а таксама ўмоваў працоўных кантрактаў (пагадненняў). Згодна з артыкулам 198 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, дачасны сыход з працы трэба разглядаць як здзяйсненне працаўніком дысцыплінарнай правіны ў выглядзе непадпарадкавання ўсталяванаму працоўнаму распарадку. За здзяйсненне працаўнікамі дысцыплінарнай правіны, якая выявілася ў дачасным сыходзе з працы да сканчэння працоўнага дня, ЗАГАДВАЮ: 1. Абвясціць вымову з пазбаўленнем прэміі за травень месяц на 100 % наступным працаўнікам…" (далей спіс)…
Нагадаем, што жыхары пасёлка Дружны, Свіслач, Рудэнск і іншых пасёлкаў вось ужо некалькі месяцаў пратэстуюць супраць будаўніцтва заводу па вытворчасці ядахімікатаў. Яго будаўніцтва распачала расейска-беларуская кампанія "Август-Бел".
Жыхары сабралі каля 6 тысяч подпісаў пад лістом пратэсту, які даслалі ў мясцовыя і найвышэйшыя органы ўлады. Неўзабаве ад людзей пачалі патрабаваць адклікаць свае подпісы.