BE RU EN

Улады патрабуюць грошаў не толькі за акцыі апазыцыі, але і за… хросны ход

  • 2.06.2008, 11:41

Улады патрабуюць грошай не толькі з арганізатараў апазыцыйных шэсьцяў, але і хросных ходаў.

Другі год запар у Магілёве можа не адбыцца традыцыйны хросны ход у гонар Сьвятога Антонія Падуанскага, нябеснага заступніка гораду, паведамляе «Радыё Свабода».

Каб правесьці хросны ход, магілёўская рымска-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі павінна аплаціць паслугі міліцыі, камунальнікаў ды мэдыкаў. Такое патрабаваньне, кажуць у касьцёле, вылучыў аддзел ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму.

Арганізатары хроснага ходу высьветлілі: гадзіна працы толькі аднаго міліцыянта на ахове хроснага ходу каштуе восемдзесят тысяч рублёў. А іх павінна быць шэсьць. Высьвятляць, колькі будуць каштаваць паслугі мэдыкаў й камунальнікаў, арганізатары ўвогуле адмовіліся. «У нас і на міліцыянтаў няма грошай»,-- зазначаюць у касьцёле.

Летась хросны ход магілёўскія каталікі не праводзілі з-за рамонтных працаў на вуліцы Лазарэнкі. Па ёй вернікі традыцыйна хадзілі ад касьцёлу Сьвятога Станіслава да капліцы Сьвятога Антонія, што на каталіцкіх могілках.

Сьвяты Антоні стаў апекуном Магілёва пры канцы XVI стагодзьдзя. Ягоны цудатворны абраз прынесьлі ў Магілёў францішканскія прапаведнікі.

У першай палове XVII стагодзьдзя ў Магілёве выдалі мэдальён, з аднаго боку якога была выява абразу Бялыніцкай Маці Божай, а з другога -- Сьвятога Антонія. На мэдальёне быў надпіс: “Сьвяты Антоні Магілёўскі, маліся за нас”.

Абраз Сьвятога Антонія зьнік за часам Другой сусьветнай вайны. Сьвятога Антонія шануюць і каталікі, і праваслаўныя. У праваслаўных ён завецца Антонам.

Апошнія навіны