У Беларусі зачыняецца Амерыканскі адукацыйна-даследчы цэнтр
- 2.06.2008, 18:40
На афіцыйным сайце прадстаўніцтва з’явілася кароткае паведамленне: «З 28 траўня 2008 года прадстаўніцтва карпарацыі «American Center for Education and Research, Inc.» у Рэспубліцы Беларусь спыняе дзейнасць».
Каб здаць іспыты па англійскай мове па сістэме TOEFL, GRE і SAT, трэба ехаць у Польшчу, Расію ці Украіну. Вышэйзгаданыя тэсты праводзіла ў Беларусі адзіная ўпаўнаважаная на гэта арганізацыя – Амерыканскі адукацыйна-даследчы цэнтр (American Center for Education and Research).
У размове з “Еўрадыё” прадстаўніца Цэнтру сказала: “Я не ўпаўнаважаная даваць інтэрвію. Цяпер палітычная афарбоўка такая, што не дае нам нават шанцу адрадзіцца”.
Вывучыць англійскую мову ў яе брытанскім і амерыканскім варыянце ў Беларусі можна на любых прыстойных моўных курсах, падрыхтавацца да тэсту таксама. А вось потым трэба пакаваць валізкі, сядаць у цягнік, аўтобус ці самалёт і ехаць здаваць тэст хоць бы ў правінцыю суседніх краінаў – у Смаленскі гуманітарны ўніверсітэт, напрыклад. У Расію ці ва Украіну візы не патрабуецца. Але за тэст заплаціць трэба. Калі ж тэст ня здаў, трэба спрабаваць яшчэ і яшчэ – а гэта значыць, што паездкі па сэртыфікат ведаў абыдуцца беларусу ў немалую суму.
TOEFL (Test of English as a Foreign Language) – гэта стандартызаваны іспыт па англійскай мове, распрацаваны дзеля таго, каб выявіць узровень валодання англійскай і прадставіць яго ў пунктах. Мае засведчыць, што вы ня толькі разумееце, што вам гавораць, але і паспяхова пішаце, не парушаючы асноўныя граматычныя правілы, а таксама разважаеце па- англійску. Тэст каштуе 100 долараў ЗША, а ягоныя вынікі сапраўдныя на двухгадовы тэрмін. Праз два гады тэсты трэба здаваць ізноў. Вынікі тэсту абавязковыя, калі вы захочаце навучацца па-англійску або працаваць на добрай працы на Захадзе (ліцэнзіі выдаюцца толькі ў адпаведнасьці з вынікамі тэсту).
Цяпер тэст праводзіцца больш чым у 300 цэнтрах па ўсім свеце.