Улады Кітая адчынілі свету Тыбет
- 20.06.2008, 9:01
Замкнёны ў сакавіку 2008 года для замежнікаў Тыбет адчыняе дзверы замежным журналістам.
У пятніцу, 21 чэрвеня, група рэпарцёраў з усяго свету выпраўляецца ў гэты аўтаномны раён КНР, дзе ў сакавіку прайшлі маштабныя хваляванні з патрабаваннямі незалежнасці, паведамляюць РІА-новости.
Журналісты едуць у адміністрацыйны цэнтр Тыбецкага аўтаномнага раёна - Лхасу, там 21 чэрвеня пройдзе эстафета агню 29-х летніх Алімпійскіх гульняў.
Графік эстафеты алімпійскага агню па Тыбеце быў скарочаны з трох дзён да аднаго. Улады паведамілі, што прычына гэтаму - землятрус у найбліжэйшай правінцыі Сычуань, які забраў амаль 70 тысяч жыццяў.
Аднак назіральнікі сцвярджаюць, што сапраўдная прычына змены маршруту - засцярогі ўладаў адносна паўтору сепаратысцкіх дэманстрацый у часе алімпійскага марафона. Для аховы паходні мабілізуюцца 8 тысяч вайскоўцаў і 4 тысячы байцоў узброенай народнай паліцыі.
Нагадаем, праблема Тыбета абвастрылася пасля масавых хваляванняў у Лхасе, паўсталых 10 сакавіка. У часе беспарадкаў, паводле афіцыйных звестак, загінулі 18 мірных жыхароў і паліцыянт. Прыхільнікі духоўнага лідэра Тыбета Далай-ламы паведамлялі, што загінулі, прынамсі, 100 чалавек.
Далай-лама, у часе візіту ў ЗША, заявіў, што калі гвалт на яго радзіме выйдзе з-пад кантролю, ён пакіне свой пост.
У сувязі з сітуацыяй у Тыбеце лідэры еўрапейскіх краінаў заявілі, што могуць байкатаваць адкрыццё Алімпійскіх гульняў у Пекіне, якія пройдуць у жніўні. За такое рашэнне прагаласаваў і Еўрапарламент.
Раней паведамлялася, што Тыбецкі аўтаномны раён КНР будзе адчынены для турыстаў з 1 траўня, абвясціла тыбецкая ўправа па справах турызму. У той самы час, афіцыйныя кітайскія ўлады не пацвердзілі гэта.