Міхась Кавалёў: «Ціхая паўзучая расейская прыватызацыя будзе ладзіцца ў Беларусі вельмі хутка»
- 20.06.2008, 10:13
Як умацаванне расейскага рубля адаб'ецца на эканоміцы Беларусі і як краіне пазбегнуць эканамічнага паглынання? На думку дэкана эканамічнага факультэта БДУ Міхася Кавалёва выйсце адно - любым коштам стымуляваць прыцёк у краіну заходнееўрапейскіх, арабскіх, кітайскіх капіталаў.
Свой рэцэпт захавання незалежнасці і суверэнітэту прапанаваў "Завтра твоей страны" дэкан эканамічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, прафесар Міхась Кавалёў.
-- Якія наступствы для Беларусі можа прынесці ўмацаванне расейскага рубля і рост расейскай эканомікі ў цэлым?
-- Расея сапраўды адраджаецца. Дзякуючы коштам на нафту і газ, але, галоўным чынам, дзякуючы таму, што яна знаходзіцца ў пачатковай стадыі, мабыць, не зусім справядлівага, але вельмі эфектыўнага буйна-манапалістычнага капіталізму. Па-першае, такая форма капіталізму заўсёды эфектыўная і плюс да ўсяго іншага, у Расеі развіты не карпарацыйны, а сямейны бізнэс, які ў першай генерацыі заўсёды надзвычай эфектыўны. Але для Беларусі гэта стварае вельмі цяжкія наступствы праз пэўныя прычыны.
Па-першае, беларускім таварам будзе ўсё цяжэй канкураваць на расейскім рынку. Расейцы на свае нафтадаляры зробяць, калі трэба, і трактары, і любыя аўтамабілі, аўтобусы і г.д. Калі самі не зробяць, кітайцы прывязуць танныя.
Другая прычына - агрэсіўны малады расейскі капіталізм абавязкова будзе здзяйсняць экспансію на беларускі рынак, карыстаючыся тым, што ў нас свабода руху тавараў і паслугаў. Рух капіталаў і прыватызацыю беларуская дзяржава кантралюе, тым не менш, ціхая паўзучая расейская прыватызацыя будзе ладзіцца цяпер вельмі хутка.
Паглядзіце, як хутка ў нас расейцы будуюць крамы, напрыклад, тая ж сетка крам "Рублёўскі". Сапраўды гэтак жа расейскія сеткавікі прыйдуць і ў рэстаранны бізнэс. Турысцкі бізнэс фактычна ўвасобіў адзін расейскі "Тэз тур". Тое ж самае пачало адбывацца са страхавымі кампаніямі, банкамі. І гэта непазбежна.
У такой сітуацыі свабода манеўру ў Беларусі адна - нам трэба любым коштам цяпер стымуляваць прыцёк у краіну заходнееўрапейскіх, арабскіх, кітайскіх капіталаў і тым самым ствараць канкурэнцыю расейскаму капіталу. Інакш непазбежна адбудзецца эканамічнае паглынанне Беларусі, таму што малады энергічны расейскі капіталізм з вельмі вялікімі грашыма, якому робіцца цесна ў Расеі і які можа вольна купіць найбуйнейшыя заводы і фабрыкі па ўсім свеце, павыкупляе ўсё ў Беларусі.
Каб захаваць незалежнасць і суверэнітэт, лепш усё ж такі дыверсіфікаваць уладанне маёмасцю, і трэба, каб прынамсі адной трацінай яе валодалі беларусы. У нас беларусаў заціскаюць. Яны не наважваюцца адкрыта дэманстраваць свае ашчаджэнні. Вось мы і не ведаем, колькі ў краіне мільянераў і ці ёсць прынамсі адзін мільярдэр.