ЗША гатовы ўвесці новыя санкцыі супраць Ірана
- 20.06.2008, 12:31
Фінансавы камітэт амерыканскага сената ўхваліў законапраект, які зробіць больш жорсткім санкцыі супраць Ірана з мэтай прымусіць урад Ахмадынеджана спыніць праграму па ўзбагачэнню ўрана.
Новы законапраект таксама ўзмоцніць ціск на Расею і на амерыканскія кампаніі, што супрацоўнічаюць з Іранам. Гэтая ініцыятыва паўстала па сканчэнні шматдзённага еўрапейскага турнэ прэзідэнта Буша з мэтай заручыцца падтрымкай лідэраў Еўрапейскага Звяза ва ўзмацненні жорсткасці санкцыяў супраць Ірана, паведамляе "Голас Амерыкі".
Законапраект уводзіць забарону на экспарт у Іран амерыканскіх авіядэталяў і на імпарт у Амерыку іранскіх дываноў, ікры, арэхаў і сухафруктаў і возьме моц, калі будзе ўхвалены ўсімі сябрамі Сената.
Гэты крок таксама ўсталюе забарону на выдачу ліцэнзіяў на экспарт у Расею тавараў і паслуг, звязаных з ядзернай энергетыкай, датуль, пакуль прэзідэнт Мядзведзеў не запэўніць амерыканскі ўрад, што Расея спыніла якое-небудзь ядзернае судзейнічанне Ірану, а таксама пастаўкі зброі ў гэтую краіну. Законапраектам таксама прызначаюцца санкцыі супраць амерыканскіх прадпрыемстваў, замежныя даччыныя прадпрыемствы якіх супрацоўнічаюць з Іранам.
І, нарэшце, законапраект абмяжоўвае памер амерыканскіх інвестыцый у Сусветны Банк, калі арганізацыя не спыніць пазыкі іранскаму ўраду.
Дэмакраты і рэспубліканцы ўхвалілі ініцыятыву. Сенатар Рон Вайдэн упэўнены, што распрацоўнікі законапраекта пацэлілі. "Я лічу, - сказаў ён, - што гэты пакет санкцыяў супраць Ірана адначасова і цвёрды, і эфектыўны".
Сенатар-рэспубліканец Гордан Сміт упэўнены, што санкцыі супраць Ірана могуць быць эфектыўнейшымі за пагрозы вайсковага ўварвання. "Я веру ў сілу дыпламатыі, - сказаў сенатар Сміт. - Лепш разлічвацца далярамі і еўра, чым кулямі і чалавечымі жыццямі".