Славакія далучаецца да зоны еўра
- 20.06.2008, 16:03
Саміт кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краінаў-чальцоў ЕЗ ухваліў далучэнне Славакіі да зоны еўра ад 1 студзеня 2009 года.
Такім чынам, ад 1 студзеня 2009 года ў зону еўра будуць уваходзіць 16 з 27 краінаў - чальцоў ЕЗ. Еўразона была створана 1 студзеня 1999 года 11-ю краінамі - чальцамі ЕЗ, да якіх у 2001 годзе далучылася Грэцыя. Наяўны еўра быў уведзены ва ўжытак з 1 студзеня 2002 года. 1 студзеня 2007 года да зоны еўра далучылася Славенія, а сёлета - Кіпр і Мальта.
Зараз для таго, каб Славакія перайшла на еўра, застаецца прайсці апошні этап: 8 ліпеня яе кандыдатура павінна быць канчаткова ўхвалена радай міністраў фінансаў ЕЗ.
Славакія - адзіная з краінаў, ахвочых уступіць у еўразону, выканала ўсе належныя патрабаванні. Напрыклад, бюджэтны дэфіцыт у краіне значна скараціўся і складае меньш чым 3% ад ВУП, а ўзровень інфляцыі прыкметна ніжэй за кантрольны ўзровень і, верагодна, не перавысіць яго ў найбліжэйшыя месяцы.