BE RU EN

ПАРЕ абмяркуе стан дэмакратыі ў Еўропе

  • 23.06.2008, 9:18

У Страсбурзе ў панядзелак адкрываецца летняя сесія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). Як чакаецца, адным з галоўных пунктаў парадку дня будзе адмысловае паседжанне па стане дэмакратыі ў Еўропе.

Даклад "Аб стане дэмакратыі ў Еўропе" падрыхтаваны віцэ-прэзідэнтам ПАРЕ Сяргеем Галаватым. Украінскі дэпутат узначальвае маніторынгавы камітэт, які адсочвае выкананне дзяржавамі – сябрамі Рады Еўропы іх абавязанняў у абсягу дэмакратычнага будаўніцтва і правоў чалавека, пішуць "Ведомости".

Даклад падрыхтаваны на падставе маніторынгу з лютага 2007 г. па чэрвень 2008 г. у 11 краінах – сябрах Рады Еўропы, у тым ліку Расеі, Грузіі, Украіне і Арменіі. Расею аўтары дакладу заклікаюць зладзіць рэформу выбарнага заканадаўства і знізіць уваходны бар'ер для партый. Адзначаецца, што цяперашнія правілы рэгістрацыі і забарона на перадвыбарныя блокі замыкаюць доступ у палітыку новым ці дробным партыям.

Як пазначана ў дакуменце, расейскія прэзідэнцкія выбары шмат у чым паўтарылі недагляды выбараў парламенцкіх, навідавоку зліццё дзяржавы і партыі, празмернае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і прадузятасць СМІ. Вынікі былі фактычна прадвызначаны пасля таго, як перад сыходам тагачасны прэзідэнт адкрыта падтрымаў аднаго з кандыдатаў. Фактычна гэта былі не выбары, а плебісцыт, прысвечаны працы тагачаснага прэзідэнта, пазначаецца ў дакладзе.

Прадстаўнікі ПАРЕ заклікалі ўлады Расеі, Арменіі і Грузіі спыніць запалохванне апазіцыйных палітыкаў.

Да таго ж, на планаваным у часе сесіі паседжанні паліткамісіі ПАРЕ можа быць прынята рашэнне пра будучыню дакладу наконт голаду ў СССР.

Голад у 1931-1933 гады ахапіў шматлікія раёны СССР - РСФСР (Паволжа, Цэнтральна-Чарназёмную вобласць, Паўночны Каўказ, Урал, Крым, частку Заходняй Сібіры), а таксама Казахстана, Украіны, Беларусі. Некаторыя ўкраінскія палітыкі лічыць голад генацыдам украінскага народу і ўскладаюць адказнасць за гэта толькі на цэнтральныя ўлады.

У часе вясновай сесіі ПАРЕ у красавіку гэтага года Бюро Асамблеі падтрымала прапанаваную ўкраінскай дэлегацыяй ініцыятыву разгледзець тэму галадамору 1930-х гадоў ва Украіне. Украінскі бок планаваў падрыхтаваць дакумент, у якім бы змяшчалася просьба прызнаць галадамор генацыдам, перадае РІА "Новости".

Апошнія навіны