Моладзь ушанавала памяць Васіля Быкава (Фота)
- 23.06.2008, 9:35
22 чэрвеня, у гадавіну сьмерці Васіля Быкава, на ўсходніх могілках сталіцы актывісты “Маладога Фронту” ушанавалі памяць народнага пісьменьніка Беларусі.
Над камянём-помнікам, ля якога ляжала мноства кветак, залунаў нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім усё жыцьцё змагаўся Васіль Быкаў і пад якім ён быў пахаваны, паведамляе прэс-служба МФ.
Народны пісьменьнік Васіль Быкаў пайшоў з жыцьця 22 чэрвеня 2003 года. Усё жыцьцё пісьменьнік пісаў праўду пра Другую сусьветную вайну, якую прайшоў сам, чым разьбіваў савецкія міты. З гэтай прычыны за савецкай уладай ягоныя творы не заўжды праходзілі цэнзуру. Зато тыя, што друкаваліся, былі перакладзеныя на шмат моваў сьвету. Па некаторых творах Быкава былі зьнятыя мастацкія стужкі, у тым ліку “Альпійская баляда” і “Знак бяды”. Апошнія гады з-за цкаваньня рэжымам Лукашэнкі, які Быкаў лічыў антынародным, і немагчымасьці працаваць на Радзіме, ён быў вымушаны жыць па-за межамі краіны.