Сёння можа быць вынесены прысуд па справе аб «жывым шчыце»
- 23.06.2008, 10:51
Працяг судовага працэсу па крымінальнай справе аб "жывым шчыце", які слухаецца ў судзе Менскага раёна і горада Заслаўя, адбудзецца раніцай 23 чэрвеня.
Як піша БелаПАН, у гэты дзень пройдуць судовыя спрэчкі і выступяць з апошнім словам абвінавачаныя. Магчыма, будзе вынесены прысуд.
У якасці абвінавачаных па гэтай крымінальнай справе праходзяць два супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска - Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч, якія 2 сакавіка ўдзельнічалі ў затрыманні на трасе Менск - Мікашэвічы п'янага кіроўцы Рамана Мянцюка. Каб спыніць кіраваны ім аўтамабіль, які рухаўся ў бок сталіцы з хуткасцю 160 кіламетраў у гадзіну, супрацоўнікі ДАІ выставілі на яго шляху загароджу з некалькіх прыватных машынаў. У іх былі людзі - пяцёра дарослых і дзіця. Дарагакупец і Ліхтаровіч вінавацяцца ў злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі (ч. 1 арт. 424 КК), ім пагражае да трох гадоў няволі. Падсудныя не прызналі сваёй віны.
20 чэрвеня ў першай палове дня ў часе суду былі дапытаны сведкі - супрацоўнікі ДАІ Менска і Слуцку, а таксама інспектары дзяжурных частак ДАІ Менска і Менскай вобласці, якія каардынавалі ў той дзень дзеянні інспектараў дарожна-патрульнай службы. Па абедзе суд праслухаў аўдыёзапісы службовых гутарак супрацоўнікаў міліцыі ў дзень здарэння.
Апрача таго, суд разгледзеў матэрыялы крымінальнай справы - схемы ДТЗ, складзеныя на месцы здарэння, а таксама рапарты з тлумачэннямі і паказаннямі, якія супрацоўнікі ДАІ давалі на папярэднім следстве.