Расея названа галоўнай антыдэмакратычнай сілай рэгіёна
- 23.06.2008, 11:55
Расея ператварылася ў галоўную антыдэмакратычную сілу рэгіёна, і прычынай гэтаму з'яўляецца рост коштаў на нафту і газ. Пад пагрозай - незалежныя грамадскія інстытуты, суды і СМІ. Такая выснова змешчана ў агучаным у панядзелак дакладзе амерыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House.
Поруч з Расеяй крытыку таксама выклікаюць Казахстан і Азербайджан. На працягу апошняга дзесяцігоддзя, у тым ліку і за прэзідэнцтвам у Расеі Уладзіміра Пуціна, эканамічны рост усіх трох краінаў палягаў на прыродных энергарэсурсах, і тады ж была выгадавана новая эліта "аўтарытарнага капіталізму", якая паспрыяла "надзвычайнаму заняпаду галоснасці і незалежнасці грамадскіх інстытутаў", лічыць арганізацыя, паведамляе газета International Herald Tribune са спасылкай на AP.
Паводле дакладу, ужо паводле леташніх вынікаў стала ясна, што "жалезны трыкутнік" у асобе дзяржаўнай улады, босаў прамысловасці і службаў бяспекі, прывёў да заняпаду выбарчага працэсу і ўзмацненню кантролю над палітычнымі супернікамі і СМІ. "Уплывовыя незалежныя галасы былі заглушаныя і не могуць кінуць выклік ці сцішыць прыхамаці і злоўжыванні кіраўніцтва краіны", - адзначаецца ў дакуменце.
Як сказаў у інтэрв'ю газеце дырэктар па даследаваннях Freedom House Крыстофер Уокер, тое ж тычыцца і судоў, складнікаў падмурку праўнай сістэмы. З ягоных словаў, уладныя структуры "трымаюць суды пад прыцэлам", каб не дапусціць прыняцця імі неперадузятых рашэнняў.
Што да СМІ, то ўплывовыя асобы "жадаюць мець гарантыі, каб іх велізарныя актывы і іх выкарыстанне ўважліва не вывучалася, і каб гэтыя сродкі не адабралі, што таксама спрыяе рэпрэсіям", - адзначыў Уокер.
Узмоцнены аўтарытарызм адбіваецца таксама і на знешняй палітыцы, што выяўляецца у "больш напорыстай і часцяком ваяўнічай пазіцыі Расеі адносна сваіх суседзяў", - вядзецца ў дакладзе. У якасці прыкладаў прыведзены адносіны Расеі з Грузіяй і Эстоніяй – на думку арганізацыі, Масква перашкаджае дэмакратычным пераўтварэнням у першай і чыніць ціск на другую.
Як бачна з дакладу, амерыканскія праваабаронцы ўскладаюць пэўныя спадзевы на цяперашняга прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Яны пераказваюць словы кіраўніка дзяржавы, які ўвайшоў на пост у траўні, наконт таго, што ён абавязаўся абараняць правы і свабоды кожнага грамадзяніна і абвясціў правы чалавека і яго свабоды найвышэйшай каштоўнасцю грамадства.
У пачатку чэрвеня Мядзведзеў заклікаў парламент не прымаць папраўкі да закона аб СМІ, якія многія расцэньвалі як пагрозу свабодзе слова, нагадвае выданне.