BE RU EN

Віктар Івашкевіч: «Гутарка ў Мядзведзева і Лукашэнкі не зладзілася»

  • 23.06.2008, 12:13

Па выніках двухбаковых перамоваў прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева і беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі 22 чэрвеня ў Берасці, бакі ні пра што не дамовіліся, лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

"Расеі неабходна прынцыповая згода Лукашэнкі на ўдзел у прыватызацыі беларускай дзяржуласнасці і на пераход да адзінай валюты - расейскага рубля. Наўзамен Расея гатова даць Беларусі крэдыт у 2 мільярды даляраў на выгодных умовах і палёгкавыя кошты на газ. Але паколькі апрача дзяжурных заяваў пра гэтак званае "саюзнае" будаўніцтва нічога пэўнага не прагучала, варта лічыць, што гутарка не зладзілася. Такім чынам, гандаль працягваецца", - заявіў прэс-цэнтру Хартыі'97 Віктар Івашкевіч, каментуючы вынікі візіту Мядзведзева ў Берасце і яго сустрэну з Лукашэнкам.

Пры гэтым Івашкевіч адзначыў, што напярэдадні візіту была пашырана інфармацыя, што бакі, у тым ліку, збіраюцца абмеркаваць кошт на газ для Беларусі налета. Але па сканчэнні візіту нічога пра вынікі газавых перамоваў не паведамлялася, што акурат і сведчыць пра тое, што Лукашэнка і Мядзведзеў не спаразумеліся ў прынцыповых для абодвух бакоў пытаннях.

Нагадаем, 22 чэрвеня ў Беларусі знаходзіўся з візітам расейскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў. Паведамляецца, што паводле вынікаў яго перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам была падпісана толькі сумесная дэкларацыя аб супрацы.

Апошнія навіны