У судзе па справе аб «жывым шчыце» сёння пройдуць спрэчкі бакоў
- 24.06.2008, 9:19
Спрэчкі бакоў пройдуць сёння ў часе судовага разгляду па справе аб супрацоўніках ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска, якія затрымлівалі п'янага кіроўцу на трасе "Менск-Мікашэвічы" пры дапамозе "жывога шчыта".
Пра гэта паведаміла "Інтэрфаксу" адвакат пацярпелых Вера Страмкоўская.
"Сёння пройдуць спрэчкі бакоў, падчас якіх дзяржаўны абвінаваўца абвесціць сваё патрабаванне аб пакаранні вінаватых", паінфармавала адвакат.
Як раней паведамлялася, у якасці абвінавачаных перад судом паўсталі два супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска, абвінавачаныя па ч. 1 арт. 424 "Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі" Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яны вінавацяцца ў тым, што стварылі пагрозу для жыцця і здароўя 5 пацярпелых пры затрыманні на трасе "Менск-Мікашэвічы" п'янага кіроўцы Рамана Мянцюка, які ехаў з хуткасцю каля 160 км на гадзіну.
Каб спыніць машыну з парушальнікам, супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска з некалькіх машын, у якіх былі людзі, выставілі загароджу. Адносна Р.Мянцюка таксама заведзена крымінальная справа за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане. Ён абвешчаны ў вышук.