Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі ФСБ Расеі: «Мы неўзабаве прымем шэраг значных рашэнняў»
- 24.06.2008, 13:01
Беларусь і Расея неўзабаве прымуць шэраг значных рашэнняў у межах "саюзнай дзяржавы", - заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Менску з дырэктарам Федэральнай службы бяспекі РФ Аляксандрам Бортнікавым.
"Мы дамовіліся неўзабаве прыняць шэраг вельмі значных рашэнняў не толькі ў нейкім глабальным плане, але гэтыя рашэнні адчуюць грамадзяне нашых дзяржаў", - паведаміў беларускі кіраўнік.
Пра нядаўнюю сустрэчу ў Берасці з прэзідэнтам РФ Д.Мядзведзевым А.Лукашэнка адзначыў: "Мы нечакана доўга і шмат гутарылі, у тым ліку, і наконт пытанняў бяспекі нашых дзяржаў".
"У нас цалкам супадаюць пункты гледжання з цяперашнім прэзідэнтам Расеі, ды і ў цэлым з кіраўніцтвам Расеі, у падтрыманні бяспекі дзяржаў, - заявіў А.Лукашэнка. - Дай Бог, каб усё ведамствы нашых краінаў супрацоўнічалі гэтак плённа, як ведамствы, адказныя за бяспеку".
У часе сустрэчы беларускі кіраўнік падзякаваў кіраўніцтву ФСБ Расеі "за тую падтрымку, якую дае вашае ведамства нашай краіне". "Ва ўзаемнасці можаце не сумнявацца", - падкрэсліў А.Лукашэнка. Ён перакананы, што, развіваючы ўзаемадзеянне, спецслужбы двух дзяржаў створаць "надзейную заслону непрыязным краінам і арганізацыям, якія дзейнічаюць адносна і Расеі, і Беларусі".
У сваю чаргу, кіраўнік ФСБ Расеі заявіў, што ў часе сумеснай калегіі ФСБ РФ і КДБ Беларусі будзе абмеркавана пытанне "неабходнасці ўмацавання ўзаемадзеяння". "Мы ведаем небяспечныя фактары і з улікам гэтага будзем планаваць сумесную працу", - сказаў А.Бортнікаў.