BE RU EN

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» у выбарах не ўдзельнічае

  • 24.06.2008, 13:26

На некаторых сайтах з'явілася інфармацыя: «Аб сваім намеры ўдзельнічаць у выбарах абвясціў рух «Еўрапейская Беларусь». Пракаментаваць гэтыя паведамленні мы папрасілі аднаго з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава.

-- Мэтай грамадзянскай кампаніі Еўрапейскай Беларусі з'яўляецца прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў у нашай краіне і збор подпісаў грамадзянаў Беларусі за ўступ у Еўрапейскі Звяз. Удзел або не ўдзел у выбарах суб'екты грамадзянскай кампаніі вызначаюць самастойна. Большасць актыўных удзельнікаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выказаліся за байкот «выбараў», што маюць адбыцца, паколькі пры існуючым рэжыме ў краіне няма ніякіх умоваў для больш-менш празрыстых і сумленных выбарчых працэсаў, -- адзначыў Саннікаў.

-- Байкот выбараў на гэтым этапе ўдзельнікі «Еўрапейскай Беларусі» разглядаюць у шырэйшым сэнсе – байкот дыктатуры і байкот рэжыму. Сёння відавочна, што захаванне цяперашняй палітычнай сістэмы ў Беларусі прывядзе да вельмі небяспечных наступстваў для незалежнасці нашай дзяржавы, таму ўдзел у выбарах азначаў бы аказваць падтрымку рэжыму і створанай ім сістэме фальсіфікацыяў. Сёння неабходна вельмі асцярожна ставіцца да абяцанняў, якія раздае рэжым, першым чынам, еўрапейскім і міжнародным структурам, паколькі ўлады не зрабілі ні воднага кроку для паляпшэння ўмоваў правядзення выбараў, а небяспека легітымацыі рэжыму пры ўмове ўдзелу ў выбарах дэмакратычнай апазіцыі, застаецца досыць высокай. Партыйныя лідэры, як вынікае з іх выказванняў, добра разумеюць гэтую сітуацыю, і будуць выкарыстоўваць выбарчую кампанію для таго, каб памяняць існуючую сістэму выбараў. Думаю, што лідэры апазіцыйных партый не стануць удзельнічаць у выбарчым фарсе, калі іх прадстаўнікоў не будзе ў выбарчых камісіях, калі ўлады будуць выбіраць, каго зарэгістраваць, а каго не, з адзінага спісу апазіцыі. У канчатковым выніку мы павінныя агульнымі сіламі вярнуць народу Беларусі права выбіраць і прымусіць рэжым пайсці на істотныя змены сваёй палітыкі, -- упэўнены адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Апошнія навіны