Рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко: «Закон аб мове прынялі тыя, хто ёю не карыстаецца»
- 24.06.2008, 15:52
Новыя правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі могуць стаць яшчэ адной прыладай у ажыццяўленні ціску на незалежныя СМІ. Такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты «Наша Ніва» Андрэй Скурко, каментуючы БелаПАН прыняцце законапраекта «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».
Скурко асабліва звярнуў увагу на тую акалічнасць, што "пераважную большасць у «парламенце» складаюць людзі, якія ў паўсядзённым жыцці не карыстаюцца беларускай мовай і не з'яўляюцца спецыялістамі-філолагамі".
Галоўны рэдактар упэўнены ў тым, што ў перспектыве беларусы пяройдуць да адзінага правапісу, што можа быць дасягнута ў выніку згоды паміж рэальнымі носьбітамі беларускай мовы."Адзіны правапіс ліквідаваў бы штучнае падзяленне грамадства і інтэлігенцыі", — лічыць ён.
Па словах А.Скурко, у перспектыве "Наша ніва" будзе зыходзіць "з нацыянальных інтэрасаў беларусаў у той сітуацыі, якая складзецца перад уступленнем у сілу новых правілаў".
Законапраект "Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" быў прыняты «палатай прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» у другім чытанні 24 чэрвеня і ўступіць у сілу 1 верасня 2010 года. Паводле законапраекта "дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія стала або часова пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінныя кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі гэтым законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы".
«Дэпутат» Уладзімір Здановіч, які прадстаўляў законапраект, назваў новыя правілы "больш патрыятычнымі і беларускімі". Пры гэтым ён адзначыў, што ў апошні час праблема правілаў арфаграфіі набыла "палітычнае адценне".