BE RU EN

Беларуская міліцыя баіцца байкоту выбараў (Фота)

  • 24.06.2008, 17:07

Налепкі "Байкот" з'явіліся на вуліцах Менска. Міліцыя нервова адрэагавала на іх расклейку.

Так, 20 чэрвеня ў мікрараёне "Паўднёвы Захад" былі затрыманыя чацвёра моладзевых актывістаў. Іх даставілі ў ГАМ №1, а потым у РУЎС Маскоўскага раёна, дзе пратрымалі да 2 гадзін ночы. На ўсіх склалі пратаколы за антысанітарыю. Маладых людзей дапыталі. Міліцыянтаў цікавіла паходжанне налепак і мэта байкоту выбараў. Бацькоў непаўналетніх актывістаў запрасілі ў міліцыю на наступны дзень.

19 чэрвеня ў мікрараёне "Курасоўшчына" за расклейку налепак "Байкот" была затрыманая яшчэ адна моладзевая актывістка. На вуліцы Каржанеўскага да яе падышлі міліцыянты і невядомыя людзі ў цывільным, адразу забралі заплечнік і абшукалі. Потым яе даставілі ў апорны пункт міліцыі, а пасля складання пратаколу - у РУЎС Кастрычніцкага раёна.

Нагадаем, што 28 верасня ў Беларусі павінныя адбыцца парламенцкія выбары. Прадстаўнікі грамадзянскага грамадства і моладзевыя арганізацыі маюць намер байкатаваць іх. З 1996 года ўсе выбары і рэферэндумы ў Беларусі былі прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі несвабоднымі і недэмакратычнымі.

Раней чыноўнікі Цэнтравыбаркаму, у тым ліку і Лідзія Ярмошына, не адзін раз заяўлялі аб тым, што байкот выбараў не супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Апошнія навіны