Мы пратэстуем супраць знішчэння свабоды слова ў Інтэрнэце
- 25.06.2008, 8:09
У сувязі з прыняццем «палатай прадстаўнікоў» у другім чытанні ганебнага закону «Аб сродках масавай інфармацыі», у якім, між іншым, робяцца спробы абмежаваць свабоду слова ў беларускай Інтэрнет-прасторы, грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікае ўсіх журналістаў і блогераў, што працуюць у Байнэце, далучыцца да аднадзённай акцыі «Гадзіна маўчання».
БАЖ прапануе усім, хто неабыякавы да праблемы доступу да інфармацыі і яе распаўсюду, 25 чэрвеня размясціць на сваіх інтэрнет-рэсурсах чорныя банеры — як сімвал пахаванай у Авальнай зале свабоды слова. А таксама не аднаўляць свае сайты, не рабіць запісаў у блогах на працягу адной гадзіны — з 12.00 да 13.00 25 чэрвеня.
Прэс-цэнтр Хартыі’97 далучаецца да акцыі пратэсту супраць канчатковага знішчэння свабоды слова ў Беларусі.
Такім чынам мы выказваем пратэст супраць экстранага прыняцця закона «Аб СМІ» без правядзення грамадскіх слуханняў і міжнароднай экспертызы.
Такім чынам мы адказваем прадстаўнікам улады на выказанае імі меркаванне, што прыняты закон тычыцца толькі журналістаў і нікога больш.
Такім чынам мы даем усвядоміць карыстальнікам Байнэту, што пагроза закрыцця шматлікіх навінавых рэсурсаў, крыніц незалежнай інфармацыі ў Сеціве зараз як ніколі рэальная.
Будзем салідарнымі!