Сусветны банк: якасць дзяржкіравання ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася
- 25.06.2008, 15:00
Сусветны Банк апублікаваў традыцыйны рэйтынг, што ацэньвае якасць дзяржаўнага кіравання ў краінах свету, паводле якога Беларусь аднесеная да групы дзяржаваў, дзе якасць дзяржкіравання значна пагоршылася.
У дакладзе "Паказчыкі эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ў краінах свету" паведамляецца, што ўрады шматлікіх краін, якія развіваюцца, дасягнулі поспехаў у барацьбе з карупцыяй, а некаторыя з іх па паказчыках эфектыўнасці дзяржкіравання ўжо не саступаюць развітым краінам.
Як тлумачыць Washington Profile, якасць дзяржаўнага кіравання ацэньвалася па шасці асноўных параметрах.
1. Улік меркавання насельніцтва і падсправаздачнасць дзяржаўных органаў (у якой ступені грамадзяне краіны маюць магчымасць удзельнічаць у выбары ўрада, узровень свабоды слова, свабоды аб'яднанняў і інш.);
2. Палітычная стабільнасць і адсутнасць гвалту (ступень верагоднасці дэстабілізацыі неканстытуцыйнымі метадамі або з ужываннем гвалту);
3. Эфектыўнасць працы ўрада (адзнака якасці дзяржаўных паслуг, якасці працы дзяржслужачых, ступень іх незалежнасці ад палітычнага ціску);
4. Якасць нарматыўна-прававога рэгулявання (адзнака здольнасці ўрада выпрацоўваць абгрунтаваную палітыку і нарматыўныя прававыя акты, якія спрыяюць развіццю прыватнага сектара);
5. Вяршэнства закона (адзнака ступені даверу розных суб'ектаў да дзейсных у грамадстве нормаў і іх гатовасці выконваць гэтыя нормы, у тым ліку адзнака эфектыўнасці прымусовага выканання дамоваў, абароны правоў ўласнасці, працы паліцыі і судовых органаў, узроўня злачыннасці і распаўсюджвання гвалту);
6. Барацьба з карупцыяй (адзнака распаўсюджанасці практыкі выкарыстання дзяржаўнай улады ў карыслівых мэтах).
Па сямібальной шкале, дзе 1 - вышэйшая адзнака, а 7 – ніжэйшая, Беларусь атрымала ніжэйшы7-ы бал у трох катэгорыях, а менавіта: улік меркавання насельніцтва і падсправаздачнасць дзяржаўных органаў, эфектыўнасць працы ўрада, якасць нарматыўна-прававога рэгулявання, а таксама "шасцёрку" за "барацьбу з карупцыяй" і "вяршэнства закона" і "тройку" - за "палітычную стабільнасць". У параўнанні з папярэднім даследаваннем, сітуацыя пагоршылася, адзначае Сусветны банк.
Па выніках даследавання сярод краін СНД сітуацыя горшая, чым у Беларусі, толькі ва Ўзбекістане і Туркменістане.
Найвышэйшыя адзнакі па ўсіх паказчыках (гэта значыць, дзяржава атрымала вышэйшую адзнаку "адзінку" ва ўсіх катэгорыях) атрымалі Аўстрыя, Новая Зеландыя, Нарвегія, Швецыя і Швейцарыя. Безумоўным аўтсайдарам (7 - па ўсіх шасці крытэрам) прызнаная Самалі.
Па дадзеных дакладу, паўтара дзясятка краін з рынкавай эканомікай, якая фарміруецца, у тым ліку Эстонія, Латвія і Літва, апярэджваюць па асноўных паказчыках якасці дзяржаўнага кіравання такія індустрыяльна развітыя краіны, як Грэцыя і Італія.
Заўважанае паляпшэнне падсправаздачнасці дзяржаўных органаў ва Ўкраіне і паспяховая барацьба з карупцыяй у Грузіі.
Удасканаленне сістэмы дзяржаўнага кіравання спрыяе поспеху ў барацьбе з беднатой і падвышэнню ўзроўня жыцця насельніцтва. Пры паляпшэнні якасці дзяржаўнага кіравання на адно сярэднеквадратычнае адхіленне ў доўгатэрміновым плане дзіцячая смяротнасць зніжаецца на дзве траціны, а прыбыткі павялічваюцца прыкладна ў тры разы.