BE RU EN

Генпракурор Беларусі адносіць Інтэрнэт да СМІ з прыкладу ЗША

  • 26.06.2008, 8:16

"Перакананы, што Інтэрнэт - гэта СМІ з усімі выніковымі наступствамі", - заявіў генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч. Маўляў, такая думка ў яго склалася пасля вывучэння міжнароднай практыкі.

У якасці прыкладу Васілевіч згадаў ЗША, дзе Вярхоўны суд лічыць інтэрнэт сродкам масавай інфармацыі.

Няблага, калі б генпракурор пацікавіўся не толькі амерыканскай судовай практыкай, але і дзейным заканадаўствам у абсягу СМІ. А даведаўшыся аб тым, што ў ЗША не трэба рэгістраваць друкаваныя СМІ і, пагатоў, інфармацыйныя Інтэрнэт-рэсурсы, генпракуратура ініцыявала адмену дзейнага закона аб СМІ ў Беларусі і прыняцце новага, піша Агенцтва фінансавых навінаў (АФН).

Зрэшты, Васілевіч можа не турбаваць сябе вывучэннем амерыканскага заканадаўства. Дастаткова прачытаць Першую (!!!) папраўку да Канстытуцыі гэтай краіны, якая кажа, што ніякімі законамі дзейнасць СМІ не можа быць абмежавана. Так што Вярхоўны суд ЗША зрабіў вялікі крок у бок лібералізацыі інтэрнэту, а не ў бок яго рэгулявання.

Між тым, меркаванне генпракурора разыходзіцца з меркаваннем намесніцы кіраўніка адміністрацыі Наталлі Пяткевіч, якая напэўна спрычынілася да распрацоўкі новага закона аб СМІ. Пяткевіч за мінулы тыдзень ужо неаднаразова спрабавала пераканаць грамадскасць, што новы закон аб СМІ не пашыраецца на Інтэрнэт.

Беларускі "парламент" 24 чэрвеня прыняў новы закон аб СМІ ў другім чытанні.

Апошнія навіны