З-за інфляцыі павялічана стаўка рэфінансавання Нацбанка
- 26.06.2008, 9:44
Ад 1 ліпеня 2008 года стаўка рэфінансавання ў Беларусі складзе 10,25% гадавых супраць дзейных з 1 кастрычніка 2007 года 10% гадавых.
Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на ўпраўленне інфармацыі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
У прэс-рэлізе Нацбанка тлумачыцца, што павелічэнне стаўкі рэфінансавання на 0,25 % скіравана, перадусім, на падвышэнне прыбытковасці ашчаджэнняў у нацыянальнай валюце і далейшае стымуляванне росту ўнёскаў насельніцтва і прадпрыемстваў у банкі.
У НБ РБ лічаць, што падвышэнне ўзроўня стаўкі рэфінансавання, а адпаведна і адсоткавай стаўкі па ўнёсках стане дадатковым крокам па стымуляванні прыцёку ашчаджэнняў у банкі, што станоўча паўплывае на пашырэнне рэсурсавай базы і магчымасці задаволіць попыт насельніцтва і прадпрыемстваў на банкаўскія паслугі.
Як сцвярджаецца ў паведамленні для прэсы, Нацбанк у 2008 годзе працягне падтрымліваць узровень адсоткавых ставак, спрыяльны для роста ўнёскаў насельніцтва і прадпрыемстваў у банкі, а таксама збалансаванасці фінансавага рынка з улікам развіцця знешніх і ўнутраных эканамічных працэсаў.