BE RU EN

Польскае кіраўніцтва хоча пусціць Лукашэнку ў Еўропу?

  • 26.06.2008, 17:41

Кіраўніцтва Польшчы нечакана вырашыла паўплываць на стратэгію ЕЗ у адносінах Беларусі.

Учора стала вядома, што польскія дыпламаты, якія працуюць у Брусэлі, імкнуцца пераканаць сваіх калегаў па ЕЗ зняць ці хаця б значна паслабіць палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць дыктатуры Лукашэнкі. Іх галоўны довад – якія-небудзь абмежавальныя меры супраць Менску дарэмныя, а задача нумар адзін - "вырваць Беларусь з рук Масквы", піша газета «Новые Известия» ў артыкуле "Из рук в руки" .

Намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Пётр Стаханьчык, які ў пачатку гэтага месяца пабываў у Берасці, вырашыў вельмі адкрыта пагутарыць з журналістамі. "Увядзенне санкцыяў (супраць рэжыма Лукашэнкі. - "НІ") практычна нічога не дало, і толькі ўзмацніла пазіцыі Масквы ў Беларусі. Мы лічым, што неабходна развіваць адносіны паміж людзьмі і бізнэсам гэтай краіны, трэба размаўляць з беларусамі", - заявіў пан Стаханьчык. Ягоная паездка ў Берасце стала першым за апошнія гады візітам польскага прадстаўніка такога высокага ранга ў Беларусь. А на пачатак ліпеня прызначаны чарговы раўнд польска-беларускіх перамоваў. Яны павінныя садзейнічаць адкрыццю новых і паляпшэнню працы ўжо існуючых памежных пераходаў. На думку намміністра, да канца года паміж Варшавай і Менскам будзе падпісаная адпаведная дамова, дзякуючы якой беларусы, што жывуць у 30-кіламетровай памежнайй зоне, змогуць свабодна прыязжаць у Польшчу.

Па-за залежнасцю ад гэтых праблемаў польская дыпламатыя вядзе з іншымі краінамі Еўразвяза перамовы адносна паніжэння кошту візаў для беларусаў, жадаючых наведаць краіны Шэнгена, з 60 да 35 еўра. У наступным месяцы прадстаўнікі польскага ўрада маюць намер падняць перад Еўракамісіяй пытанне аб новай праграме "усходняга партнёрства". Пакуль на ўзроўні экспертаў. "Мы жадаем, каб у рамках гэтай праграмы Еўразвяз прыняў удзел у шэрагу праектаў, у прыватнасці, датычных развіцця транспартнай інфраструктуры, памежных пераходаў, паляпшэння працы беларускай адміністрацыі", - заявіў на днях намеснік дырэктара дэпартамента ўсходняй палітыкі польскага МЗС Марыюш Машкевіч (экс-амбасадар у Беларусі). "Новые Известия" звязаліся з панам Машкевічам. Учора ён распавёў нашай газеце аб тым, што "сігналам да пачатку адлігі ў адносінах Брусэль-Менск могуць стаць прызначаныя на верасень цяперашняга года пазачарговыя парламенцкія выбары ў Беларусі. Да іх, няхай і ў абмежаванай меры, павінныя быць дапушчаныя прадстаўнікі апазіцыі. А гэта ўжо прагрэс. Акрамя таго, насуперак асцярогам Варшавы цяперашняя беларуская ўлада не прадпрымае ніякага ціску на палякаў, якія падалі заяву аб атрыманні "карты паляка" (дакумента, што гарантуе бязвізавы ўезд на гістарычную радзіму для асобаў польскага паходжання. - "НІ"). І гэтыя дзве акалічнасці наладжваюць нашых палітыкаў на аптымістычны лад, а таксама даюць надзею на тое, што з Беларуссю можна наладзіць канструктыўны дыялог".

На думку Марыюша Машкевіча, Еўразвяз вернецца да так званага рэжыму гандлёвых прэферэнцый у адносінах ўсходняга суседа, гэта значыць - да адмены высокага падаткаабкладання экспартуемых Беларуссю ў краіны ЕЗ угнаенняў, нафтахімічных прадуктаў, тэкстылю і прадукцыі лесапрамысловага комплексу.

Польскія СМІ шмат пішуць аб паступаючых з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі сігналах аб тым, што "цяперашняе кіраўніцтва Беларусі дзеля супрацоўніцтва з ЕЗ гатовае ісці на саступкі і ў большай ступені выконваць правы чалавека". Як заявіў "НІ" адзін з супрацоўнікаў польскага МЗС, "пасля падвышэння Расеяй коштаў на газ і нафту для Беларусі, эканамічная сітуацыя там настолькі пагоршылася, што Лукашэнка мае катастрафічную патрэбу ў заходніх крэдытах, каб купляць на іх расейскія энерганосьбіты. І выдатна разумее, што толькі ўзнаўленне беларускага экспарту ў ЕЗ дапаможа яму захаваць сваю ўладу".

Апошнія навіны