BE RU EN

Суд не задаволіў скаргу арганізатараў Еўрапейскага марша

  • 27.06.2008, 9:58

Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суду 26 чэрвеня пакінула касацыйную скаргу заяўнікаў Еўрапейскага марша без задаволення.

На паседжанні старшынявала суддзя Інна Яблакава. Рашэнне суддзі Саветскага раёна Менску Алены Муранцовай яна пакінула без зменаў. Згодна рашэнню, арганізатары Еўрапейскага марша, які прайшоў у Менску 14 кастрычніка мінулага году, павінныя выплаціць «Менскзеленбуду» 1 млн. 400 тысяч рублёў (660 даляраў). Менавіта ў такую суму пазоўнік ацаніў «шкоду, прычыненую маёмасці юрыдычнай асобы».

У пазове матэрыяльныя прэтэнзіі абгрунтаваныя наступным чынам: "15 кастрычніка 2007 г., прыйдучы на працу на замацаваныя аб'екты па ўборцы, працаўнікі ўпраўлення "Цэнтр" УП "Мінскзеленбуд" выявілі, што пасля правядзення шэсця і мітынгу на ўчастках пр. Незалежнасці пашкоджаны газон (пратаптаны) агульнай плошчай 300 м кв., зламаныя дрэва - 1 шт. (ліпа) у раёне р. Свіслач, кустарнікі (спірэя) - 27 шт. на ўчастку ад пл. Я. Коласа да пл. Калініна, пра што складзены дэфектны акт".

Як ужо паведамлялася, у судзе Савецкага раёна былі таксама здаволеныя пазовы "Гаррэмаўтадара" Менгарвыканкама і раённых ЖРЭА Менска. Суддзі Сяргей Баразна і Марына Фёдарава спагналі з заяўнікаў Еўрапейскага марша больш 3 тысяч даляраў. З пазовам "Мінскзеленбуда" і дзяржпошлінамі агульная сума штрафаў складае каля 4 тысяч даляраў.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў сайту ucpb.org, што мае намер "давесці сітуацыю да лагічнага завяршэння" - звярнуцца ў Вярхоўны суд Беларусі, а потым у Камітэт па правах чалавека ААН у Жэневе. Ён разлічвае ў будучыні спагнаць "незаконныя матэрыяльныя пазовы з суддзяў, якія прымалі загадзя неправавыя рашэнні". "Толькі тады адбудзецца ачышчэнне судовай сістэмы і людзі ў мантыях пачнуць выконваць законы", - сказаў ён.

Нагадаем, што адказнікамі па гэтых справах выступаюць Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Яўген Афнагель, Анатоль Лябедзька, Аляксандр Мілінкевіч і Зміцер Федарук.

Апошнія навіны