Закон аб СМІ «савет рэспублікі» разгледзіць 28 чэрвеня
- 27.06.2008, 10:35
Адпаведнае рашэнне прыняў 26 чэрвеня прэзідыюм "савета рэспублікі" "нацыянальнага сходу". Гэтая інфармацыя змешчана на афіцыйным сайце верхняй палаты беларускага "парламента", паведамляе прэс-служба БАЖ.
У двух чытаннях дакумент быў прыняты "палатай прадстаўнікоў". Ён увойдзе ў моц пасля таго, як яго ўхваліць "савет рэспублікі" і падпіша Аляксандр Лукашэнка.
Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала тэкст законапраекта толькі напярэдадні яго разгляду. Юрысты БАЖ, прааналізаваўшы праект закона аб СМІ, прыйшлі да высновы, што ў выпадку прыняцця законапраекта ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, што паставіць іх на мяжу жыцця, а фактычна прывядзе да знішчэння незалежных СМІ ў краіне.
Найбольшы клопат выклікае тое, што ўлады змогуць блакаваць усе Інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі.
Паводле праекту Закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцыяў, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні выданням зможа не толькі Міністэрства інфармацыі, але і любы суддзя, пракурор ці чыноўнік любога райцэнтра.