BE RU EN

Вінцук Вячорка: «Улада зайшла ў тупік, калі ўжо ваюе са звычайнымі людзьмі»

  • 27.06.2008, 14:53

Партыя БНФ падтрымала пратэсты жыхароў вуліцы Гамарніка ў Менску, пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну, Бярозы, якія выступаюць супраць ушчамленьня іх правоў і пагаршэньня экалягічнага становішча ў месцах іх пражываньня.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў сувязі са стыхійнымі выступамі жыхароў дома 20 па вуліцы Гамарніка ў Менску і іншымі падобнымі канфліктнымі сытуацыямі падрыхтаваў адкрыты ліст і зварот да “дэпутатаў” “палаты прадстаўнікоў”, якія павінны бараніць інтарэсы грамадзян, паведамляе “Радыё Свабода”.

“Усе гэтыя зьявы аднаго парадку. Яны зьвязаныя з прыходам беспардоннага, як правіла, расейскага капіталу, які пасьпяхова прыкрываецца тутэйшым чынавенствам. Недзе гэтаму капіталу ўдаецца захапіць зямлю ў парушэньне экалягічнага і іншага заканадаўства, дамагчыся рэалізацыі сумнеўных праектаў, як завод пэстыцыдаў у Дружным. А недзе, там, дзе людзі самаарганізоўваюцца дзеля абароны сваіх правоў, як было на вуліцы Карла Маркса ў Менску, яны вымушаныя адступаць”, - кажа Вінцук Вячорка.

Да іншых прыкладаў сваволі ўладаў палітык аднёс высяленьне часткі прыватных дамоў на тэрыторыі Сельгаспасёлку ў Менску, будаўніцтва ў ахоўнай зоне Цнянскага вадасховішча элітнага катэджнага пасёлку, будоўлю другой чаргі заводу пэстыцыдаў у Бярозе.

Рэакцыя ўладаў на пратэсты жыхароў паказвае антынароднасьць іх палітыкі, мяркуе спадар Вячорка. “Калі яны пачынаюць ваяваць са звычайнымі людзьмі, якія абараняюць свае законныя інтарэсы, то гэта значыць, што ўлада зайшла ў тупік”, - упэўнены палітык.

На думку Вінцука Вячоркі, актыўная рэакцыя людзей на дзеяньні ўладаў стварае шанцы да зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці.

Апошнія навіны