BE RU EN

Зэльцэр настойвае на сваёй невінаватасці

  • 28.06.2008, 9:25

Арыштаваны ў Беларусі грамадзянін ЗША юрыст Эмануіл Зэльцэр настойвае на сваёй невінаватасці. Пра гэта паведаміў яго адвакат Зміцер Гарачка.

Напярэдадні КДБ Беларусі абвясціў канчатковае абвінавачанне Э.Зэльцэру. Грамадзянін ЗША вінаваціцца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных наступнымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса Беларусі: "Выкарыстанне загадзя падробнага афіцыйнага дакумента, які надае правы, групай асобаў з папярэдняй змовай", "Кантрабанда наркатычных сродкаў", "Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсараў", "Камерцыйны шпіянаж".

"Я не магу каментаваць абвінавачанне майму падабароннаму, бо я быў папярэджаны пра непераказ матэрыялаў следства. Аднак магу сказаць, што мы рыхтаваліся да такога павароту падзей. Так, мы чакалі, што Зэльцэру будуць інкрымінаваныя новыя абвінавачанні, і цяпер гэтае новае абвінавачанне сапраўды паўстала - камерцыйны шпіянаж", цытуе адваката БелаПАН.

Са словаў адваката, у панядзелак, 30 чэрвеня, ён і яго падабаронны пачнуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. "Новае абвінавачанне Зэльцэру на гэты працэс не паўплывае", - лічыць З.Гарачка.

Нагадаем, сакратарку Зэльцэра, грамадзянку Расеі Уладлену Брускову (Функ), затрыманую разам з ім 12 сакавіка, КДБ абвінаваціў у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі "Выкарыстанне загадзя падробнага афіцыйнага дакумента, якое надае правы, групай асобаў з папярэдняй змовай" і "Камерцыйны шпіянаж" КК Беларусі.

Апрача гэтага, следчае ўпраўленне КДБ завяло крымінальную справу па артыкуле "Камерцыйны шпіянаж" адносна грамадзяніна ЗША Джозафа Кея, адвакатам якога з'яўляецца Э.Зэльцэр.

Джозаф Кей - далёкі сваяк грузінскага бізнэсмэна Бадры Патакарцышвілі. Пасля смерці 13 лютага Патакарцышвілі Дж.Кей паказаў дакументы, паводле якіх ён прызначаны выканаўцам завяшчання памерлага. Дакументы былі складзены Э.Зэльцэрам, аднак сваякі Патакарцышвілі абвясцілі іх падробкай, пасля чаго Зэльцэр быў затрыманы ў Менску. 13 траўня суд Тбілісі прызнаў Кея выканаўцам завяшчання, пацвердзіўшы тым самым сапраўднасць дакументаў.

27 траўня адносна Э.Зэльцэра была заведзена яшчэ адна справа - па ч. 1 арт. 328 (незаконная перавозка і захоўванне наркатычных сродкаў) і ч. 2 арт. 228 (кантрабанда наркатычных сродкаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Сталы лекар Э.Зэльцэра неаднаразова звяртаўся ў Генпракуратуру са сведчаннем, што лекі, якія ў таго забралі пры затрыманні, яму жыццёва неабходныя. Ён таксама заявіў, што ніколі не інфармаваў свайго пацыента, што ў склад прэпаратаў уваходзяць рэчывы, якія могуць лічыцца наркатычнымі.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення амерыканскага адваката. 25 красавіка консул Злучаных Штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвэдж сустракалася з арыштаваным. Са словаў консула, Зэльцэр паведаміў ёй, што "на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі". Адвакат вельмі схуднеў, саслабеў, яму цяжка хадзіць, размаўляць.

Апошнія навіны