BE RU EN

«Дэпутаты» улічылі некалькі заўвагаў БАЖ, але гэта не змяніла сутнасці закона аб СМІ

  • 28.06.2008, 12:02

Юрысты Беларускай асацыяцыі журналістаў заяўляюць, што хоць у канчатковы варыянт законапраекта "Аб СМІ" і занесены пэўныя станоўчыя змены, дакумент па-ранейшаму змяшчае шматлікія небяспечныя для журналістаў нормы.

"Палата прадстаўнікоў" улічыла ўсяго 5 з больш чым 30 прапановаў ГА "БАЖ" у закон "Аб СМІ". Прапановы былі пададзены на разгляд "дэпутатам" перад слуханнямі законапраекта ў другім чытанні. Да такой высновы прыйшлі юрысты ГА "БАЖ" вывучыўшы папраўкі, занесеныя ў законапраект пасля другога чытання. (У арганізацыі ёсць поўны тэкст апошняга варыянту законапраекта, а таксама тэкст выступу старшыні Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юрыя Кулакоўскага ў Авальнай зале 24 чэрвеня).

Намеснік старшыні ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец лічыць некаторыя з занесеных паправак істотнымі. Напрыклад, прыбрана патрабаванне перарэгістрацыі СМІ пры змене юрыдычнага адрасу. "Калі бы гэтае патрабаванне засталося, жыццё рэдакцыяў моцна ўскладнілася б - напрыклад, рэдакцыям газет "Беларусы і рынак" і "Газета Слонімская", якія нядаўна з уласнай волі ці змушана, змянілі офісы, давялося б праходзіць перарэгістрацыю", - заўважае Андрэй Бастунец.

Істотным з'яўляецца і скасаванне патрабавання аб недапушчэнні скажэння агульнапрынятых нормаў мовы з прычыны "адсутнасці дакладных крытэраў вызначэння такіх нормаў". (У новым варыянце закона вядзецца толькі пра недапушчэнне нецэнзурных словаў і выразаў). "Прыняцце закона ў пачатковым варыянце магло прывесці да таго, што, напрыклад, СМІ, якія карыстаюцца "тарашкевіцай", атрымалі б папярэджанні. А два папярэджанні, як запісана ў новым законе, могуць стаць падставай для зыску аб спыненні дзейнасці выдання", - падкрэслівае юрыст.

Намеснік старшыні БАЖ адзначае ў якасці станоўчых змены ў пункце аб акрэдытацыі журналістаў. У ім прапісана, што забаронена неабгрунтавана адмаўляць СМІ ў акрэдытацыі. "Гэты пункт, у ранейшай фармулёўцы, дазваляў чыноўнікам адмаўляць журналістам у акрэдытацыі без усялякіх тлумачэнняў прычынаў", - лічыць юрыст. Прагрэсам з'яўляецца і вызначэнне пэўнага тэрміна (3 месяца ад моманту ўзнікнення канфліктнай сітуацыі), на працягу якога можа быць прынята рашэнне аб спыненні выпуску выдання. Раней гэты тэрмін не быў пазначаны зусім.

Адзначыўшы некаторыя станоўчыя змены, занесеныя ў новы варыянт дакумента і сам факт таго, што некаторыя з крытычных заўвагаў БАЖ пры дапрацоўцы законапраекта былі ўлічаны, юрысты БАЖ, тым не менш, па-ранейшаму лічаць дакумент рэгрэсіўным і выступаюць супраць яго прыняцця.

Напрыклад, у дакуменце захавана патрабаванне татальнай перарэгістрацыі ўсіх СМІ пасля ўваходу закона ў моц. Да таго ж, у новым варыянце законапраекта пакінута патрабаванне аб рэгістрацыі СМІ, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт.

Нягледзячы на сцвярджэнні афіцыйных асобаў, што законапраект датычыць толькі анлайн-версій друкаваных выданняў, фармулёўка гэтай нормы дазваляе залічыць у СМІ і карпарацыйныя сайты юрыдычных асобаў, якія рэгулярна аднаўляюць стужкі навінаў, і персанальныя інтэрнэт-старонкі грамадзян, блогі і г.д. ГА "БАЖ" зважала на гэта ў сваёй экспертызе, вынікі якой былі скіраваныя ў Палату прадстаўнікоў яшчэ да першага чытання.

"Многія заўвагі БАЖ, датычныя антыканстытуцыйных, антыдэмакратычных палажэнняў законапраекта, не пачулі. Самыя кансерватыўныя палажэнні засталіся нязменнымі", - лічыць кіраўнік Цэнтра праўнай абароны СМІ пры БАЖ Міхась Пастухоў.

"Праўнае рэгуляванне Інтэрнэт-СМІ перакладаецца з заканадаўчага ўзроўня на ўзровень урадавай пастановы. І якім чынам яно будзе ажыццяўляцца, пакуль незразумела", - лічыць юрыст.

На пэўныя недахопы дакумента звярнуў увагу і юрыст Цэнтра праўнай абароны СМІ пры БАЖ Юры Тапарашаў. "У артыкуле 49, дзе пералічаны суб'екты, што могуць выносіць пісьмовыя папярэджанні СМІ, фігурант толькі адзін - Міністэрства інфармацыі. Аднак далей у дакуменце, у арт. 51 п.4, мы раптам сустракаем фразу: "калі пракурор вынес 2 і больш афіцыйных папярэджанняў наконт недапушчальнасці правапарушэння…".. Гэта значыць раптам высвятляецца, што і пракурор можа выносіць папярэджанне! Гэта тыповы юрыдычны "ляп". Таму мы і кажам, што пракурор любога ўзроўня таксама можа выносіць папярэджанне СМІ…"

"Дэталёвы разбор закона яшчэ маецца быць. Мы будзем грунтоўна разбіраць яго па словах, па косках - і не для таго, каб "пакрычаць". Закон гэты вельмі важны для ўсяго грамадства, ён зусім не "вузкагаліновы", як сцвярджаюць дзяржаўныя чыноўнікі", - рэзюмуе Юры Тапарашаў.

Апошнія навіны