BE RU EN

Выбары па-лукашэнкаўску: актывіст «Еўрапейскай Беларусі» арыштаваны на 17 сутак

  • 28.06.2008, 15:37

Актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", адзін з лідэраў моладзевага руху Беларусі Яўген Афнагель 28 чэрвеня асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 10 сутак арышту. З улікам таго, што раней актывіст быў завочна асуджаны на 7 сутак арышту за ўдзел у дэманстрацыі 1 мая, яму давядзецца правесці ў турме 17 сутак.

Яўген Афнагель быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу 27 чэрвеня ў цэнтры Менска. Ноч ён правёў у турме на Акрэсціна, а 28 чэрвеня суддзя Цэнтральнага раёна Менска Таццяна Паўлючук прысудзіла актывісту 10 сутак арышту нібыта за "нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы". Гэты артыкул Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях традыцыйна выкарыстоўваецца ў Беларусі для арышту апазіцыянераў. Сведкамі на судзе па завядзёнцы выступілі супрацоўнікі АМАПу, якія здзяйснялі затрыманне.

Нагадаем, што раней Яўген Афнагель быў завочна асуджаны судом Першамайскага раёна да 7 сутак арышту.

Больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь"прыйшлі 1 мая да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзнялі на афіцыйным мітынгу дзесяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 мая афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. Да таго ж, дата мае вялікае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.

Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПу. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі іх, адымалі.

Усяго ў часе афіцыйнага мітынгу было затрымана з 30 чалавек. Такія ж завочныя прысуды за ўдзел у афіцыйным першамайскім мітынгу былі вынесеныя актывісту "Еўрапейскай Беларусі" Паўлу Юхневічу і лідэрам "Маладога Фронту" Змітру Дашкевічу і Артуру Фінькевічу. Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, рашэнне суду Першамайскага раёна супярэчыць закону і не з'яўляецца правамоцным.

Такім чынам, "парламенцкая выбарчая кампанія" у Беларусі ў чарговы раз пачалася з арыштаў лідэраў апазіцыі. Масавыя арышты дэмакратаў адбываліся ў Беларусі і напярэдадні "парламенцкіх выбараў" 2004 года, і перад "прэзідэнцкімі выбарамі" 2006 года. Незадоўга да арышту Яўгена Афнагеля на 15 сутак з надуманага абвінавачання быў асуджаны яшчэ адзін актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандр Атрошчанкаў.

Нагадаем, што моладзевыя арганізацыі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заклікаюць байкатаваць "парламенцкія выбары", што маюць быць у гэтым верасні. Як відаць з арыштаў лідэраў моладзі, улады як ліхой шапкі баяцца байкоту "выбараў"…

Апошнія навіны