BE RU EN

Студэнтаў, якія вучацца за мяжой, не выпускаюць зь Беларусі

  • 29.06.2008, 13:38

Беларускіх актывістаў, якія былі выключаныя з беларускіх вну “за палітыку” і зараз вучацца ў замежных унівэрсытэтах, здымаюць на мяжы і паведамляюць, што ім забаронены выезд зь Беларусі.

Прозьвішчы студэнтаў унесеныя ў так званыя “чорныя сьпісы”. Ваенкаматы такім чынам спрабуюць забраць няўгодных апазыцыянэраў у войска.

Моладзевага актывіста партыі БНФ Франака Вячорку памежнікі не прапусьцілі празь беларуска-літоўскую мяжу. Гэта здарылася на памежным пераходзе Каменны Лог. Франаку не назвалі прычыну забароны выезду з тэрыторыі Беларусі.

“Мне паведамілі, што мне забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь, што я толькі нядаўна ўнесены ў “чорны сьпіс”. Калі я спытаў, чаму мяне высаджваюць з аўтобусу, то памежнік адказаў: “Сам разьбірайся”. Я думаю, што гэта зьвязана з маім прызывам у войска, і маё прозьвішча ўнесьлі ў сьпіс супрацоўнікі Савецкага ваенкамату”, -- паведаміў Франак Вячорка для “Радыё Свабода”.

За дзень да гэтага студэнта-каліноўца Зьмітра Буянава памежнікі вывелі зь цягніка, калі той перасек мяжу з польскага боку. Яны паведамілі хлопцу, што назад яго ня пусьцяць, бо ён таксама трапіў у “чорны сьпіс”.

“Калі я перасёк беларускую мяжу, памежнікі вывелі мяне з вагону. Яны ўзялі мой пашпарт, пагарталі старонкі і паведамілі мне, што назад ужо не прапусьцяць. Калі я спытаў чаму, то яны мне адказалі: “Зьвяртайся ў міліцыю, тады даведаешся”. Перад гэтым я некалькі разоў езьдзіў у Беларусь, і не было ніякіх праблемаў. Я лічу, што гэта помста беларускім хлопцам за тое, што яны вучацца за мяжой”, -- распавёў “Радыё Свабода” Зьміцер Буянаў.

Франак Вячорка прайшоў раённую мэдычную камісію. Мэдыкі зрабілі яму апэрацыю на вочы. Франаку сказалі, што цяпер ён будзе мець адтэрміноўку ад прызыву ў войска на паўгода.

Зьміцер Буянаў вучыцца ў Гданьскім унівэрсытэце. У ваенкамаце ляжыць ягоная даведка з унівэрсытэту з перакладам на беларускую мову. У ваенкамаце паведамілі, што ў хлопца адтэрміноўка на год, і яму толькі трэба штогод прыносіць новыя даведкі.

Франак і Зьміцер стаяць на ўліку ў ваенкамаце Савецкага раёну Менску. Аляксандар Іваноўскі, які адказвае за прызыў, патлумачыў “Радыё Свабода”, чаму ўнесьлі ў сьпіс Франака Вячорку:

“Правільна зьнялі. Ён камісію мэдычную не прайшоў. Яго не зацьвердзіла камісія абласная. Пакуль яна яго не зацьвердзіць, адтэрміноўка не сапраўдная. Пасьля зацьвярджэньня абласной мэдычнай камісіяй мы афіцыйна выносім адтэрміноўку”, -- паведаміў чыноўнік.

Спадар Іваноўскі ў асобнай тэчцы трымае справы студэнтаў, якія вучацца ў замежных унівэрсытэтах. Але пытаньні ваенкамат мае выключна да тых, хто вучыцца згодна зь міжнароднымі праектамі дапамогі рэпрэсаваным студэнтам.

Трэба адзначыць, што ўзмацненьне рэпрэсій супраць апазіцыйнай моладзі адбываюцца ў краіне адначасова з заявамі некаторых еўрапейскіх палітыкаў аб тым, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі нібыта паляпшаецца.

Апошнія навіны