У траўні электраэнергія падаражэла на 25%
- 3.06.2008, 10:06
У траўні беларускі ўрад зноў узняў тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Прычым, як заведзена ў Беларусі – учорашнім днём.
Большасць грамадзян толькі ў сярэдзіне чэрвеня, пасля атрымання жыровак даведаюцца, што за травень ім давядзецца заплаціць за кватэру і спажытую электраэнергію на некалькі даляраў болей, піша «Завтра твоей страны».
Па назіраннях беларускіх гідраметэаролагаў, сёлетні травень у Менску стаўся самым халодным і дажджлівым за апошнія 50 гадоў. Няцяжка здагадацца, што ва ўмовах адключанага ацяплення (а ў часткі Менска была адключана яшчэ і гарачая вада) і нечакана нізкіх тэмператураў для траўня асноўнай крыніцай цеплыні ў кватэрах менчукоў сталі электраацяпляльнікі. Яны ж яшчэ не ведалі, што ўрад без усялякага "шуму" узяў ды падвысіў тарыфы на электраэнергію. Прычым, не на нейкія там 2-3 адсоткі, а ажно на 25%.
Паводле пастановы Саўміна ад 14.05.2008 N 674, з 1 траўня тарыфы на электраэнергію ўзняліся для кватэраў, абсталяваных электраплітамі - з 84 рублёў за 1 квт*г да 105 рублёў, а для ўсіх астатніх - са 116 рублёў да 145 рублёў за 1 квт*г. Гэта значыць зараз за 100 квт*г сем'і, дзе ёсць электрапліта, заплацяць на 2100 рублёў болей, а тыя, у каго пліта газавая - на 2.900 рублёў. Такім чынам, да аплаты камунальных паслугаў дадаўся прынамсі 1 даляр. Разам з тым, сёння мала хто здолее ўкласціся ў 100 квт *г на месяц, калі сям'я жыве паўнавартасным жыццём і карыстаецца сучаснымі бытавымі прыборамі.
-- Гэтая навіна мяне вельмі засмуціла, - кажа ўжо немалады чалавек, якому, зрэшты, яшчэ далёка да пенсіі. - У мяне цяпер жыве дачка з мужам і немаўлём - мы ўвесь месяц уключалі электраацяпляльнік, каб у кватэры была нармалёвая тэмпература. Дзіця нарадзілася слабенькім і ў першыя месяцы жыцця вельмі важна, каб не было ніякіх прастудаў. Да таго ж пралка працавала практычна штодня, ды і дзіцячую бялізну даводзілася ўвесь час прасаваць - дасушваць, бо з-за сталых дажджоў яна практычна не высыхала.
-- Увесь месяц апрача пралкі карысталася яшчэ і электрачайнікам, грэла ваду, бо з 11 траўня гарачую ваду ў нас адключылі - распавядае жанчына, якая жыве ў кватэры з электраплітой. – Ацяпляльніка ў мяне няма - не па гаманцу, імкнулася пабольш гатаваць, нешта спякчы, каб хоць неяк абагрэць кватэру. Цяпер нават баюся глядзець на паказанні лічыльніка. У мяне была невялікая пазыка па электраэнергіі, думала, паступова загашу, калі адключаць ацяпленне - улетку ўсё ж такі менш спажываецца электраэнергіі. Зараз давядзецца "гасіць" па новых тарыфах.
Адзначым, што падвышэнне тарыфаў на электраэнергію - самае адчувальнае, але не адзінае падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, здзейсненае ўрадам у траўні. Так, на 10% падвышаны тарыфы за тэхабслугоўванне - з 240,3 да 264,6 рубля на месяц за 1 кв. метр агульнай плошчы жылога памяшкання. Гэта значыць, за кватэру агульнай плошчай у 50 кв. м. давядзецца заплаціць прыкладна на 1.200 рублёў у месяц болей. Аналагічную суму штомесяц мы адлічваем на капрамонт. Такім чынам, да аплаты паслугаў дадасца яшчэ прынамсі 1 даляр.
Падвышаны тарыф і на цеплавую энергію для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння - з 1 траўня ён складзе 37580,7 рубля за 1 Гкал замест 36355,5 рубля за 1 Гкал. Ацаніць, наколькі ўздымецца аплата паслугаў у штомесячным разліку для асобнага спажыўца даволі складана, бо гэта залежыць шмат у чым ад таго, ці ўсталяваныя лічыльнікі ў доме і кватэры, а таксама ад колькасці гэтых самых гігакалорыяў, якія спажывае тоя ці іншая ЖКГ на падагрэў вады ў кране ці ў батарэі ацяплення.
Прынамсі, у карэспандэнткі "Завтра", якая жыве ўдваіх з дзіцем у двухпакаёвай кватэры (без лічыльніка вады), шмат у чым менавіта за кошт павелічэння колькасці гігакалорыяў на падагрэў аднаго кубаметру вады (гэта пры анамальна цёплай зіме!), кватэрная плата ўзімку гэтага года (пасля падвышэння тарыфаў з 1 студзеня) узнялася ў параўнанні з мінулым годам зусім не на 5 даляраў, як было абяцана для двухпакаёвай кватэры і сям'і з трох чалавек, а на ўсё 10 даляраў - гэта пры тым, што тарыф на падагрэў вады ў пачатку года не змяняўся зусім.
Свой унёсак у гэтую "анамалію", вядома жа, дало і павелічэнне колькасці спажыванай вады - бо тарыфы на ваду і каналізацыю ўзняліся з пачатку гэтага года на 25 і 65% адпаведна, мясцовыя жыллёва-камунальныя службы не прамінулі скарыстацца гэтым і дадалі ўсім, у каго няма лічыльнікаў вады, пару-тройку "лішніх" кубаметраў.
Відавочна, што перавышэнне планкі ў запаветныя 5 даляраў адчуюць на сабе і ўсе астатнія платнікі ў кастрычніку, калі ім прапануюць разлік за ацяпленне па новых тарыфах, калі, вядома, дагэтуль тарыф на ацяпленне не ўздымецца яшчэ раз.
Так ці інакш, але з улікам гэткага падвышэння тарыфаў вельмі дзіўнымі здаюцца абяцанні ўрада, што ён намерваецца стрымаць сёлеташнюю інфляцыю ў зададзеных рамках - 6-8%.
Ужо па выніках першых чатырох месяцаў, як вядома, яна склала 5,3%. Асабліва звяртае на сябе ўвагу факт, што за красавік інфляцыя склала больш за 1-1,2%, нягледзячы на тое, што летась у красавіку назіралася агульнае зніжэнне коштаў, прычым менавіта за кошт паслугаў ЖКГ. Бо частка паслугаў проста была выключана - у красавіку адключылі ацяпленне, дык адпаведна з ужыванай у нас метадалогіяй вызначэння індэкса коштаў, узровень плацяжоў за гэтыя паслугі знізіўся, і статыстыка паказала зніжэнне інфляцыі.
Сёлета ж такога эфекту адключэнне ацяплення не дало, і Мінстат у раздзеле аплаты ЖКГ не заўважыў аніякіх зменаў параўнальна з сакавіком. Хоць летась аплата жыллёва-камунальных паслугаў па артыкуле ацяпленне "упала" у параўнанні з сакавіком на 24,4%! Будзем лічыць, што ў Мінстата змянілася методыка, але тады ўплыў росту тарыфаў на паслугі ЖКГ у траўні, асабліва дзякуючы росту коштаў на электраэнергію, можа стацца надта вялікім.
Між тым, міністр эканомікі Мікалай Зайчанка яшчэ зусім нядаўна пераконваў усіх на паседжанні прэзідыума Саўміна ў тым, што рост коштаў у траўні не перавысіць 1%.Па словах Мікалая Зайчанкі, Мінэканомікі працягне рэалізацыю сістэмных захадаў, прынятых урадам па абмежаванні інфляцыі.
Выявілся, што сістэмныя захады пакуль скіраваныя акурат на падвышэнне коштаў. Бо апрача падвышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ (гэтыя тарыфы ў нас падвышае ўрад) само Міністэрства эканомікі таксама "сістэмна" з 15 траўня падвысіла яшчэ і адпускныя кошты на хлеб і хлебабулачныя вырабы. І зноў-такі без шырокай пагалоскі. Прычым, сёлета Мінэканомікі ўздымае скрайнія адпускныя кошты на хлеб і хлебабулачныя вырабы штомесяц, і яны ўжо ўзнятыя больш чым на 3% ад пачатку года.